Каб даведацца больш пра гісторыю сваёй малой радзімы, пазнаёміцца з культурай старажытнага горада, вучні 5-х класаў школы № 3 г. Навагрудка адправіліся на экскурсію ў Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей.
Размешчаны музей у цэнтры горада на маленькай вулачцы. Вакол рэстаўраваныя дамы. Месціцца ў будынку ХІХ стагоддзя. Невялікі, але ў ім адлюстроўваецца і старажытная гісторыя, і ваенныя гады, і сучаснасць. Вучні падчас экскурсіі атрымалі звесткі аб тым, што фонд музея налічвае каля 22 000 прадметаў, якія маюць музейнае значэнне.
У першай зале ўвагу прысутных прыцягнулі археалагічныя знаходкі: прадметы быту, розныя ўпрыгожванні. Вучні былі ўражаны тым, якое адзенне насілі нашы продкі, як апраналіся, якія былі паясы.
Цудоўны экскурсавод паведаміла пра замак, які быў самым вялікім у Беларусі, меў 7 вежаў. А якое ўражанне было, калі даведаліся, што ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя Навагрудак стаў месцам каранацыі князя Міндоўга. Экспазіцыя «Беларуская хатка» нікога з прысутных не пакінула абыякавым.
Закрануў душу музейны пакой, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, які раскрывае мужнасць і стойкасць нашых навагрудчан. Таксама звярнулі ўвагу на асобую экспазіцыю, якая расказвае пра генацыд беларускага народа.
А вось наступная зала ажывіла вучняў. Яны пазналі прадукцыю нашых сучасных прадпрыемстваў, дзе працуюць іх таты і мамы.
Час праляцеў хутка, вучні і настаўнікі атрымалі шмат прыемных уражанняў.
Зоя Уладзіміраўна БЕЛУШ,
класны кіраўнік 5-га класа «А»,
г. Навагрудак, школа № 3 імя В. Г. Гаховіч.