Мы супраць фашызму

Из нашей почты Новости

9 лістапада з вучнямі 7-х класаў школы № 7 г. Навагрудка быў праведзены круглы стол, прымеркаваны да Міжнароднага дня супраць фашызму, расізму і антысемітызму.

Гэты дзень адзначаецца міжнароднай супольнасцю з 1992 года. Для беларусаў гэта асобая дата: амаль кожны дзень адкрываюцца новыя сведчанні злачынстваў акупантаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашай краіны.

Пра генацыд беларускага народа напамінаюць шматлікія помнікі на брацкіх магілах, на месцах размяшчэння канцэнтрацыйных лагераў смерці, мемарыяльны комплекс спаленай Хатыні і памятныя знакі іншым спаленым мястэчкам і вёскам Беларусі, якія, на жаль, не змаглі адрадзіцца пасля вайны.

На мерапрыемстве вучні дазналіся пра падзеі «Крыштальнай ночы» ў Германіі, абмяняліся ўражаннямі ад прачытаных урыўкаў з кнігі Джэка Кагана «Як мы перажылі Халакост» і падзяліліся звесткамі з гісторый сваіх сваякоў, якіх не абмінула вайна. Школьнікі былі моцна ўражаныя ўспамінамі сваіх землякоў, якім удалося вырвацца з Навагрудскага гета, выжыць, далучыцца да партызанскага атрада і набліжаць перамогу над фашызмам.

Мерапрыемства спрыяла  выхаванню чалавечнасці, павагі да мінулага сваёй краіны, да тых людзей, якія рызыкавалі сваім жыццём дзеля выратавання іншых, ахвяравалі сабой, набліжаючы перамогу над злом. І нягледзячы на тое, што прайшло шмат часу з тых падзей, маладое пакаленне павінна памятаць урокі гісторыі, каб жыць у міры ў сваёй краіне і не дапусціць новага нараджэння фашызму.

Валянціна Віктараўна МАНЮК,

класны кіраўнік 7-га класа «А»,

г. Навагрудак, школа № 7.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *