Матуліна хата традыцыямі багата

Из нашей почты

Абрады і традыцыі, якія выдатна захаваліся на беларускай зямлі, характарызуюць народ, які тут жыве. Непаўторная і каларытная беларуская культура займае сваё асаблівае месца сярод іншых усходнееўрапейскіх культур.

Нядаўна Навагрудскую бібліятэку сямейнага чытання наведалі навучэнцы школы № 4 г. Навагрудка. Іх чакала захапляльнае падарожжа ў свет народнай культуры і творчасці беларусаў, падчас якога хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, што беларуская культура сваімі каранямі адыходзіць далёка ў мінулае.

Гаспадыня беларускай хаты сустракала гасцей хлебам-соллю, што ім вельмі спадабалася. Потым яна распавяла аб разнастайных традыцыях і звычаях беларускага народа, пра такія святы, як Дажынкі, Купалле, Гуканне вясны, Каляды, пра тое, што беларусы спакон веку любілі і шанавалі сваю маці-прыроду, таму да нашых часоў дайшла вялікая колькасць рытуалаў, звязаных з пасевам збожжа, сенакосам, зборам ураджаю.

Увазе вучняў была прадстаўлена выстава-экспазіцыя прадметаў побыту беларусаў. Госці з цікавасцю слухалі як была ўладкованая беларуская хата, якія традыцыйныя стравы рыхтавалі продкі, якое адзенне яны насілі. Гонарам краіны з’яўляецца і выдатна захаваны фальклор – песні, танцы, гульні, казкі, легенды, загадкі, прыказкі і прымаўкі продкаў дайшлі да сучаснасці, практычна не змяніўшыся. Тое ж можна сказаць і пра народныя промыслы: ганчарства, пляценне з лазы і саломкі, ткацтва, вышыўку. Дзеці вельмі ўважліва праглядзелі невялікі відэафільм «Мір дому твайму. Традыцыі і звычаі беларусаў», а потым, адзін хутчэй другога, адказвалі на пытанні Гаспадыні.

Напрыканцы такой цікавай сумеснай этна-вандроўкі дзяўчынкі і хлопчыкі прынялі ўдзел у этна-гульні «Збяры хаткі» і з захапленнем змайстравалі закладкі для кніг, аздобленыя беларускім арнаментам і абярэгам-дамавічком, а таксама атрымалі салодкія пачастункі.

Ірына Уладзіміраўна БУЗУК,

бібліятэкар,

 г. Навагрудак,

Навагрудская бібліятэка сямейнага чытання.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *