У рамках рэалізацыі навучальнай праграмы «Я. Мая сям’я, Мая Радзіма» трэцякласнікі адправіліся на экскурсію ў школьны музей.
Пад час экскурсіі вучні разважалі аб тым, што музей – гэта месца, дзе ажывае мінулае, дзе можна пазнаёміцца з традыцыямі, звычаямі, побытам, асаблівасцямі і падзеямі мінулага, ладам жыцця. Трэцякласнікі даведаліся, што наш школьны гісторыка-краязнаўчы музей працуе з 1955 г. У 1968 годзе яму было прысвоена званне «Народнs». За гэты час у музеі было сабрана 1,5 тыс. экспанатаў. Тут вучні ўбачылі ўнікальны экспанат —зуб маманта, які падарылі музею археолагі з Санкт-Пецярбурга, якія праводзілі раскопкі ў горадзе Навагрудку і ў Валеўцы. Пазнаёміліся з прадметамі працы эпохі неаліту: каменныя сякеры, наканечнікі стрэл, грузіла для невада. Уразіў вучняў цікавы экспанат — крыж удзельніка вайны 1812 года з надпісам «Ні мне, ні табе, а твайму імя». У этнаграфічным куточку музея трэцякласнікі пазнаёміліся з вялікай калекцыяй прасаў. Тут ёсць рэчы і этнаграфічнага характару: прадметы побыту і хатняга ўжытку валеўскіх сялян. Старадаўнія дакументы, кнігі, фатаграфіі, манеты, фотакопіі архіўных дакументаў, успаміны сучаснікаў, зброю раскрываюць асноўныя падзеі, якія адбываліся ў Навагрудскім краі ў пачатку XX стагоддзя.
Праваслаўны раздзел музея раскрыў трэцякласнікам гісторыю Свята-Петрапаўлаўскай царквы в. Валеўка, пабудаванай у 1685 годзе на сродкі брэсцкага ваяводы Стэфана Курча, як унікальны помнік захаванага драўлянага дойлідства з рысамі стылю барока (былы касцёл дамініканаў).
Аддзел прыроды музея пазнаёміў вучняў з флорай і фаўнай Свіцязянскага заказніка. У 60-я гг. каля школы быў закладзены парк-дэндрарый. Трэцякласнікі атрымалі шмат уражанняў ад экскурсіі ў музей, атрымалі ўяўленне аб тым, якімі былі іх продкі на гэтай зямлі, якія падзеі адбываліся шмат стагоддзяў таму. Нездарма музей называюць сховішчам чалавечай культуры, мудрасці і ведаў.
Марына Аляксандраўна СЦЯПУК,
класны кіраўнік 3-га класа,
Навагрудскі раён, Валеўская школа.