Плынь часу ўсё далей і далей адносіць ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны. З кожным годам памяншаецца і колькасць асоб, якія памяталі тыя трагічныя падзеі. Але той час не можа быць забыты. Наша краіна і сёння імкнецца захаваць ніткі памяці, якія яшчэ звязваюць нас з далёкімі падзеямі.
У межах патрыятычнага праекта «80 мірных гадоў! Беларусь памятае», які рэалізуецца філіялам «Мальская сельская бібліятэка-клуб» і школа № 1, была арганізавана адмысловая візіт-акцыя «Горкае дзяцінства». Школьнікі завіталі ў госці да Сафіі Рыгораўны Рудніцкай, якая нарадзілася акурат у пачатку вайны – у 1941 годзе. Гады дзяцінства жанчыны прайшлі ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці. Той час быў напоўнены выпрабаваннямі і горкімі пачуццямі.
Сафія Рыгораўна шчыра глядзіць на сваіх юных гасцей. Усе яны прыгожа апрануты. Гледзячы на дастатак, яна прыгадвае гады свайго дзяцінства:
– Лапцікі пашылі мне, калі пайшла ў школу. У першы клас прахадзіла да зімы, а зімой не пайшла – было холадна. Апрануць не было чаго. Няма мяне адзін дзень, другі, трэці. Гэта заўважыла настаўніца. Прыйшла да нас, а я ў гэты час ляжала на печы. Яна пачала ўгаворваць, каб ішла ў школу, а я расказваю ёй пра тое, што холадна і апрануць няма чаго. Але пасля пачала зноў у школу хадзіць. Так і скончыла сем класаў.
Бачна, што для сучасных дзяцей і падлеткаў гэта сітуацыя падаецца незразумелай. Сёння ў кожнага ёсць не толькі абутак і адзенне, аде і цацкі, разнастайныя гаджэты. Тым часам Сафія Рыгораўна працягвае свой аповед:
– Колісь жылі ўсе ў зямлянках. І ведаеце – дружна жылі. У горы ўсе дружна жывуць, бо гора заўсёды аб’ядноўвае. Хоць і галадалі, хадзілі босыя, не мелі адзення. Самі шылі простыя кашулі. А выжывалі дзякуючы таму, што сеялі лён і каноплю. Кароў у той час не было. Немцы кароў пазабіралі. Шмат людзі ад іх тады нацярпеліся…
Голад, холад, страх і галеча былі спадарожнікамі людзей у ваенныя часы. Падавалася, што ніколі ўжо не будзе нічога светлага, чыстага і добрага.
– Калісьці немцы спалілі цэлую нашу вёску. Немец загадаў выйсці жыхарам з хатаў, тады падпалілі дамы. Гэта ўсё з-за таго, што побач у лесе былі партызаны. Такім чынам фашысты вырашылі пакараць людзей. Маю сястру забілі немцы. Яна была ў лесе з каровай. Тады пазабівалі ўсіх, хто хаваўся ў лесе. У тым ліку і мамінага роднага брата з жонкай і іх маленькае дзіцятка. Жах гэта быў.
На нейкі момант жанчына спыняецца, каб перавесці дух. Стараецца ўтаймаваць свае пачуцці і не плакаць. Але слёзы самі ручайкамі бягуць па яе твары. Праз некалькі хвілін працягвае свой аповед.
– Побач з нашай спалілі яшчэ дзве вёскі з жывымі людзьмі. Сагналі іх у вялікі будынак і знішчылі. Нас пасля са школы вадзілі туды на экскурсію. Падавалася, што там яшчэ пахне спаленымі людзьмі… Не дай Бог такому здарыцца. Цяжка было і ў вайну, і пасля яе. Яшчэ і сёння памятаю, як тата плёў лапці, а мама жала траву, сушыла, а пасля рабіла з яе чорныя ляпёшкі. Былі яны надзвычай горкімі на смак. Але прыходзілася есці, каб жыць. Было нас у мамы чацвёра. Пятую сястру немцы забілі ў чатырнаццаць гадоў. Жудасная была тая вайна.
Абсеўшы гуртом жанчыну, вучні ўважліва слухалі той аповед, а пасля задавалі пытанні. Жыццёвыя гісторыі ваеннага часу падаваліся маладому пакаленню незвычайнымі і нетыповымі. Кожны змог ацаніць тыя рэчы, якія сёння мае: мір, дабрабыт, сям’ю, хлеб на стале, утульнае жыллё.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.