Эстафета добрых спраў

Из нашей почты Новости

На Дзятлаўшчыне праходзіць рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», якая традыцыйна праводзіцца напярэдадні калядных і навагодніх святаў і заклікана аказаць увагу і падтрымку дзецям.

Разам з сяброўкай прыняла ўдзел у раённым свяце, якое сабрала на адной пляцоўцы ў імправізаваным анлайн-кафэ «На хвалі навагодняга гумару і смеху» адораных навучэнцаў з усяго раёна і праходзіла пад дэвізам «Радасць – адна на ўсіх!». На свяце былі прадстаўлены самыя лепшыя дасягненні нашых маладых землякоў. У мяне засталося вельмі многа прыемных уражанняў і з’явілася пачуццё гонару за нашых таленавітых навучэнцаў.

Эстафета добрых спраў працягваецца. Мы, члены школьнага валанцерскага атрада «Добрыя сэрцы», не засталіся ў баку. Традыцыйна ў рамках акцыі ў нашай школе запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Упрыгожаны класныя пакоі рознакаляровымі гірляндамі, падвескамі, навагоднімі фігурамі, а тэрыторыя ўстановы аформлена святочнай ілюмінацыяй. Мы прынялі ўдзел у конкурсах на лепшае ўпрыгожванне ўстановы адукацыі, «Калядная зорка», «Лёд. Кветкі. Фантазія».

Галоўная задача – стварыць свята для кожнага. Разлічваем, што тыя мерапрыемствы, якія запланаваны ў нашай установе, падаруюць усім святочны настрой і навагоднюю казку.

У касцюмах Дзеда Мароза і Снягурачкі завіталі ў дашкольную групу, дзе арганізавалі забаўляльную праграму «Навагоднія цуды». Хлопчыкі і дзяўчынкі сустрэлі нас з радасцю. Для малодшых сяброў падрыхтавалі займальную праграму: гулялі ў розныя гульні, адгадвалі загадкі, танцавалі. Час у дружнай вясёлай кампаніі прайшоў непрыкметна. Дзед Мароз і Снягурачка ў канцы свята падарылі хлопчыкам і дзяўчынкам падарункі. У заканчэнні свята валанцёры дзяліліся сваімі ўражаннямі. Дарыць радасць вельмі прыемна, а маленькія дзеці атрымалі вясёлы настрой ад зносін са старэйшымі сябрамі. Цяпер нашы выхаванцы з нецярпеннем чакаюць Новага года, навагодніх цудаў і вясёлых забаў.

Святлана АБУХОВА,

член валанцёрскага атрада «Добрыя сэрцы»,

Дзятлаўскі раён, Раклевіцкая базавая школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *