Пескаўскай школе прысвоена імя Героя Савецкага Саюза В. І. Яронькі

Из нашей почты Новости Проект "Голос поколений"

Многія ўстановы адукацыі не першы год паспяхова працуюць пад імёнамі людзей, якія ўнеслі значны ўклад у мінулае, сучаснасць і будучыню Беларусі, што з’яўляецца яркім прыкладам захавання  гістарычнай памяці. Пескаўскай школе 16 снежня 2024 года прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Віктара Іванавіча Яронькі.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 кастрычніка 1944   года за мужнасць, адвагу і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, сяржанту Яронька Віктару Іванавічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля  “Залатая Зорка”.  Зорку Героя за подзвіг на Сожы наводчык  гарматы  атрымаў з рук старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР М.І. Калініна.

Будучы Герой Савецкага Саюза Віктар Іванавіч Яронька нарадзіўся 10 мая 1920 года ў Полацку. Лёс Віктара Іванавіча быў нялёгкім. У вялікай і дружнай  сям’і  раслі шасцёра сыноў. Бацька, Іван  Яронька, быў краўцом, працаваў днём і ноччу, абшываў усю акругу. Аднак у 1937 годзе яго кінулі ў засценкі і расстралялі. Вучыўся Віктар Іванавіч Яронька ў Полацку, скончыў няпоўную сярэднюю школу ў Громах і фабрычна-завадское вучылішча, а пазней  прадоўжыў сваю адукацыю ў чыгуначнай школе горада Ціхвін Ленінградскай вобласці.  Працаваў слесарам у Маскве.

У жніўні 1942 года быў прызваны на службу ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію і накіраваны на фронт  Вялікай  Айчыннай вайны. Віктару Іванавічу тады споўніўся ўсяго 21 год.

У жніўні 1942 года Віктар Іванавіч Яронька скончыў паскораныя курсы падрыхтоўкі малодшага каманднага складу, яму было прысвоена званне  “сяржант”, ён быў накіраваны наводчыкам  гарматы 922-га стралковага палка 250-й стралковай  дывізіі 3-й арміі 2-га Беларускага фронту. 

Ужо ў канцы 1942 года Віктар Іванавіч Яронька прыняў бой з фашыстамі. Удзельнічаў у баях на Бранскім фронце, у Арлоўска-Курскай аперацыі, вызваляў Арол,  Чарнігаў. Тое, што смерць яго літавала, інакш як цудам не назавеш. Разлік супрацьтанкавай “саракапяткі” быў па сутнасці камандай смяротнікаў.  Гарматы “саракапяткі”ставілі наперадзе пяхотных парадкаў.  Часта батарэі стаялі ў чыстым полі. Іх перастрэлка з бранітэхнікай вермахта – танкамі, самаходкамі  – была дуэллю на вынішчэнне. Або на выжыванне. Каму як пашанцуе.

Цвёрдая рука, трапнае і вернае вока, уменне чакаць патрэбны момант зрабілі  Віктара Іванавіча Яронька адным з самых прафесійных наводчыкаў ў дывізіі. Толькі за 2 тыдні баёў у чэрвені-ліпені 1944 года пры вызваленні   Беларусі сяржантам Яронька было знішчана больш за 10 кулямётных пунктаў, 3 танкі, 6 бронемашын, 2 штурмавыя гарматы і больш за 2 роты  варожых салдат і афіцэраў. Яго дзеянні забяспечылі паспяховае наступленне дывізіі. Віктар Іванавіч  Яронька вызначыўся пры вызваленіі Гомельскай вобласці. У лістападзе 1943 года каля вёскі Шарсцін Веткаўскага раёна полк, у якім служыў В.І. Яронька, выйшаў да ракі Сож. На гэтым участку сталі  будаваць мост. Артылерыйскі ўзвод Віктара Іванавіча з 12 чалавек пераправілі на варожы бераг, каб у выпадку неабходнасці яны маглі прыкрыць пераправу. 4 лістапада 1943 года немцы раптам адкрылі шквальны агонь, і снарад, які трапіў у бліндаж, знішчыў усіх салдат. Сяржант В.І. Яронька ў адзіночку падбіў 4 варожых танка і працягваў змагацца з пяхотай. Знішчыў каля 50 немцаў. Так ён пратрымаўся амаль суткі, а калі падышлі свае, сіл ужо не было, мабыць, ад перанапружання Віктар Іванавіч Яронька  страціў прытомнасць.  Разведчыкі не маглі паверыць, што столькі часу пераправу  ўтрымліваў адзін чалавек.

 Раніцай 22 чэрвеня 1944 года на беларускай зямлі над перадавымі пазіцыямі германскіх войскаў стаяла мёртвая цішыня. Здавалася, што ў той дзень нічога не прадвешчала незвычайнага, як раптам усё ажыло: магутны шквал артылерыйскага і авіяцыйнага агню абрынуўся на абарону  праціўніка, у атаку пайшлі асноўныя сілы трох савецкіх франтоў. Так пачаўся першы дзень чацвёртага года вайны, а разам з ім і аперацыя “Баграціён”. У ёй таксама ўдзельнічала 250-я стралковая дывізія 3-й арміі генерал-лейтэнанта А.В. Гарбатава, дзе служыў  В.І. Яронька. У перыяд прарыву абароны праціўніка ў раёне вёскі Азяраны  Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці 24 чэрвеня 1944 года  сяржант В.І. Яронька з прамой наводкі знішчыў 7 кулямётных кропак праціўніка, чым забяспечыў  прарыў  стралковай роты без адзінай страты. У начным баі 25 чэрвеня 1944 на захадзе ад вёскі Азяраны праціўнік 4 разы пераходзіў у контратаку пры падтрымцы самаходных  пушак. У гэтым баі  Віктар Іванавіч Яронька падбіў 2 самаходныя  пушкі і знішчыў  больш за 30  салдат праціўніка. В.І. Яронька адважна фарсіраваў раку Друць і быў у першых шэрагах  наступаючых.

    У баях за авалоданне шашы Магілёў-Мінск  30 чэрвеня 1944  года ў раёне вёскі Старая Маранаўка Бярэзінскага раёна  палком быў адрэзаны шлях адыходу  праціўніка, які  спрабаваў вырвацца з кальца, для чаго кінуў вялікія сілы пяхоты і танкаў.  В.І. Яронька ў гэтым баі з прамой наводкі падбіў 3 танка і 6 аўтамашын з пяхотай. З адлегласці 80-100 метраў знішчыў нямецкую штурмавую гармату, а таксама  3 баявыя кулямёты  і каля роты салдат ворага.

12 ліпеня 1944 года ў ходзе бою ў раёне вёскі Пескі Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці,  калі ўвесь разлік выйшаў з ладу, Віктар Іванавіч  Яронька працягваў агнём сваёй  гарматы знішчаць  гітлераўцаў,  якія рухаліся да важнага  чыгуначнага пункту.  Застаўшыся адзін,  В.І. Яронька працягваў са сваёй гарматы знішчаць  немцаў, расстрэліваючы ва ўпор.  Сяржант  знішчыў 3 кулямётныя  пункты, адну самаходную  пушку,  да 100 салдат  праціўніка, гэтым самым у значнай ступені спрыяў  адваяванню выгаднай  мяжы.

Віктар Іванавіч Яронька дайшоў да Берліна, нязменна  праяўляючы мужнасць і стойкасць. Доказам гэтаму з’яўляюцца ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны 1 ступені, ордэн Чырвонага Сцяга, ордэны  Славы 2-й і 3-й ступені, медалі  “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За ўзяцце Берліна”, медаль  “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.”.

Пасля вайны Віктар Іванавіч Яронька вярнуўся ў родны Полацк. Грамадзянскі паслужны спіс  В.І. Яронька быў працягам ратных подзвігаў. Ён узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, медалём “За доблесную працу”.  Удастоены званняў  “Заслужаны рацыяналізатар БССР”, “Ганаровы грамадзянін Наваполацка”. Працаваў ваенруком у школе. Загадваў зеленгасам. На пасадзе інструктара таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву рыхтаваў дапрызыўную моладзь да абароны.  Плотнічаў у райспажыўсаюзе. Калі пачалося будаўніцтва Полацкага нафтаперапрацоўчага завода, уладкаваўся на працу ў трэст “Нафтабуд “. Шмат гадоў займаўся новай тэхнікай ва ўпраўленні вытворча-тэхналагічнай камплектацыі.  Кожнай сваёй справай Віктар Іванавіч выяўляў сябе як Герой, годны чалавек і грамадзянін. І ў мірны час баявы характар  Віктара Іванавіча выяўляўся ў яго працоўнай і грамадскай дзейнасці. 3 ліпеня 1966 года  В.І.  Яронька  разам з Героямі Савецкага Саюза Б.В. Гетцэміі і З. М. Тусналобавай-Марчанка запалілі Вечны агонь на  “Кургане  Неўміручасці”.  У 1975 годзе брыгадзіру  В.І. Яронька трэста “Нафтабуд” прысвоілі мірнае званне  “Ганаровы будаўнік горада Наваполацка”. Займаўся выхаваўчай работай сярод моладзі. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Наваполацкага гарадскога Савета.

 Віктар Іванавіч Яронька пайшоў з жыцця 15 верасня 1991 года ва ўзросце 71 года. 8 мая 2007 года каля дома № 32 па вуліцы Я.Коласа ў Наваполацку адкрыта мемарыяльная дошка ў памяць Героя, у адным з мікрараёнаў горада ёсць вуліца імя Яронькі. Імя Героя носіць і студэнцкі будаўнічы атрад Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

 Разам з выкладчыкамі навучэнцы нашай школы пішуць даследчыя работы пра Героя Савецкага Саюза  В.І. Яронька і паспяхова абараняюць іх у абласных і рэспубліканскіх конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях. Заваявалі дыпломы I ступені ў абласным патрыятычным марафоне  “Кубак патрыётаў”, адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі “Навука перамагаць”, у абласной краязнаўчай канферэнцыі  “Край Гарадзенскі”. Таксама навучэнцы ўдастоены дыпломаў III ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Яны вызвалялі Радзіму” ў рамках рэспубліканскай героіка-патрыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе-80” і ў абласным конкурсе  камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “ПАТРЫЁТ. ву”. У рамках Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі  “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства” ў 2023 годзе  настаўнікамі і вучнямі   праведзена даследаванне біяграфічных фактаў дзяржаўнага дзеяча Віктара Іванавіча Яронькі,   што дало магчымасць пазнаёміцца з малавядомымі фактамі з яго жыцця і  грамадскай і працоўнай дзейнасці. У выніку – дыплом I ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Гісторыі слаўныя імёны “.

У школьным народным гісторыка-краязнаўчым музеі створана экспазіцыя “Віктар Іванавіч Яронька – Герой вайны і Герой міру”,  распрацаваны і праводзяцца тэматычныя экскурсіі і мерапрыемствы.   Прысваенне школе імя Героя Савецкага Саюза  Віктара Іванавіча Яронькі –  вялікі гонар і адказнасць для ўсіх нас. Кожны чалавек у сваім жыцці павінен мець арыенцір. Менавіта такія Героі, якія праславілі нашу краіну сваімі подзвігамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і справамі ў мірны час, і  з’яўляюцца гэтым арыенцірам.

Галіна Іосіфаўна ГАЛАВЕНКА,

настаўнік рускай мовы і літаратуры,

Мастоўскі раён,

Пескаўская школа імя Віктара Іванавіча Яронькі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *