Вучні 3–4-х класаў Валеўскай школы наведалі выставу дасягненняў суверэннай Беларусі «Мая Беларусь».
Абыйсці ўсе пляцоўкі і паспрабаваць усе экспанаты ў дзеянні проста немагчыма. Для гэтага спатрэбілася б некалькі дзён. Таму мы узважыўшы перавагі большасці дзяцей, вырашылі вывучаць тэхнічныя дасягненні Беларусі, прагрэсіўныя магчымасці для сельскай гаспадаркі, спецыяльных службаў, у тым ліку і робатызаваныя. Вядома ж, кожнаму хацелася паспрабаваць падаіць карову, пакіраваць трактарам, папрасіць даць лапу робата-сабаку і многае іншае. Напрыканцы наведвання нашых рабят запрасілі прыняць удзел у навучальнай праграме па электрабяспецы ад Дзяржэнергагазнагляду, уручылі інфармацыйныя памяткі.
У другой часцы падарожжа вучні наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Нягледзячы на малы ўзрост дзеці зацікаўлена аглядалі экспазіцыі і экспанаты.
Час бяссільны перад памяццю таго пакалення, якое адстаяла свабоду нашай краіны. Такой вайны, як Вялікая Айчынная, у гісторыі чалавецтва не было, як і такой Вялікай Перамогі, якая вызваліла наш народ, нашу краіну, усё прагрэсіўнае чалавецтва. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа стала найважнейшым паваротным пунктам у сусветнай гісторыі. Цікавасць да яе падзей з гадамі не згасае.
Вучні дастаткова арыентуюцца ў асноўных падзеях вайны, некаторых яе гераічных асобах, могуць адказаць на пытанні экскурсаводаў.
Завяршальным аб’ектам экскурсійнага дня стаў скаут-парк, дзе рабяты змаглі паспытаць свае сілы ў пераадоленні перашкод. Зразумела, адразу здавалася, што ўсе з любымі перашкодамі справяцца, але многія пераацанілі свае сілы і прыйшлося значна упрасціць іх узровень. Але гэта таксама стала добрым урокам для рабят – вучыцца рэальна ацэньваць свае магчымасці.
Кацярына Аляксандраўна ШАПЕЛЬ,
класны кіраўнік 4-га класа,
Навагрудскі раён, Валеўская школа.