«Кнігу падарыў – дабро людзям зрабіў!» Менавіта пад такім дэвізам у Міжнародны дзень дарэння кніг, мы ўсім класам накіраваліся ў школьную бібліятэку з незвычайнымі падарункамі – нашымі любімымі, ужо не новымі, а прачытанымі кнігамі.
Нас гасцінна сустрэла Вольга Станіславаўна Мілаш, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, якая ў школе працуе яшчэ і бібіліятэкарам. Яна расказала аб гісторыі свята дарэння кніг, прадэманстравала кнігі, якія сягодня ўжо паспелі падарыць бібліятэцы вучні іншых класаў і пазнаёміла з навінкамі літаратуры для дзяцей.
Кожны з нас з хваляваннем і гонарам перадаваў у надзейныя рукі бібліятэкара сваіх верных сяброў – любімыя кнігі, якія мы ўжо прачыталі. Упэўнены ў тым, што школьная бібліятэка стане утульным цёплым домам для нашых кніг, а яны запросяць у падарожжы і казкі яшчэ шмат дзяцей. Наша настаўніца Таццяна Уладзіміраўна Мілаш таксама падарыла бібліятэцы кнігу Анатоля Клышкі аб першадрукары Францыску Скарыне і аб тым адкуль да нас прыйшла кніга. Гэта кніга была незвычайная тым, што падпісана яна самым аўтарам! Настаўніца паведала нам гісторыю аб тым, што Анатоль Канстанцінавіч Клышка – вядомы беларускі букварыст, педагог і пісьменнік быў вялікім сябрам нашай Валеўскай школы.
Калі вярнуліся ў клас на душы ў кожнага было вельмі радасна ад таго, што мы зрабілі добрую справу, што нашы кнігі атрымалі новае жыццё, яшчэ не раз даставіць задавальненне іншым чытачам і прынясуць карысць іншым людзям. Мы – вучні 2-га класа Валеўскай школы чарговы раз даказалі, што нездарма залічаны ў атрад добрых спраў «Зорьки».
Яраслава СКРУНДЗЬ,
Ксенія МАЦКЕВІЧ,
вучаніцы 2-га класа
Навагрудскі раён, Валеўская школа.