Праект у падтрымку беларускай кнігі

Из нашей почты

 

Усім вядома, што кніга выхоўвае асобу, дапамагае спасцігаць таямніцы навук, засвойваць асновы культуры. А кніга на роднай мове спраўляецца з гэтымі задачамі ўдвая хутчэй. Праз беларускую літаратуру дзеці адчуваюць прыгажосць і багацце роднай мовы, яе непаўторнасць і адметнасць.

З мэтай папулярызацыі літаратуры на беларускай мове ў Міхалішкаўскай сельскай бібліятэцы стартаваў новы праект «Да роднай мовы крок зрабі», накіраваны на фарміраванне цікавасці да роднага слова. Усю работу бібліятэка будзе праводзіць у цесным супрацоўніцтве са школай.

На працягу года ў межах праекта будуць ладзіцца адмысловыя мерапрыемствы з выкарыстаннем нестандартных форм і метадаў бібліятэчнай работы: літаратурныя гасцёўні, творчыя сустрэчы, інсцэніроўкі, выставы літаратуры, акцыі, інтэлектуальныя кавярні, гульні і квесты. Галоўная іх задача – удасканаліць навык чытання, развіць маўленчыя і творчыя здольнасці, паглыбіць веды аб багатай спадчыне класікаў беларускай літаратуры.

Акрамя таго, у межах праекта бібліятэка прыме ўдзел у сеткавай акцыі-чэленджы па стварэнні буклукаў «Мая беларуская дзіцячая кніга». Праз гэтыя мерапрыемствы школьнікі будуць назапашваць веды аб нацыянальнай літаратуры, узбагачаць слоўнікавы запас і вучыцца шанаваць самы галоўны і неацэнны скарб – родную мову.

Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *