У лютым 2025 года ў Занарацкай школе, якая знаходзіцца ў Нарачанскім краі адбылося адкрыццё музейнай экспазіцыі, прысвечанай падзеям Першай Сусветнай вайны, а больш дакладна, Нарачанскай ваеннай аперацыі.
З сябрамі падрабязна вывучалі мэтэрыялы гэтых падзей, дапамагалі ў стварэнні выставы. У экспазіцыі захоўваюцца рэчы, якія знойдзены не проста на тэрыторыі Мядзельскага раёна, а менавіта ў нашай мясцовасці, на тэрыторыі Занарацкага сельскага Савета каля вёсак Пронькі, Мокрыца, Стахоўцы… Экспанаты перадалі ў школу праз раённую арганізацыю Беларускага саюза афіцэраў валанцёры са Штабу тылу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Першымі наведвальнікамі экспазіцыі сталі члены ваенна-патрыятычнага клуба «Баявы» імя Мікалая Іванавіча Падшываленкі». Я ўпершыню спрабавала сябе ў якасці эксурсавода. Хвалявалася, але з добрай падрыхтоўкай і упэўненасцю ў сябе ўсё прайшло выдатна. Дапамагалі мне члены клуба Анастасія Кулак і Міхаіл Кузьміч.
Вучні мелі магчымасць прасачыць па картасхемах тых часоў, як разгортваліся ваенныя падзеі каля возера Нарач амаль 110 гадоў таму назад. Асаблівую цікавасць выклікала інфармацыя аб узбраенні рускай імператарскай арміі і германскай арміі. Мы расказалі аб некаторых прадметах ужытку рускіх і нямецкіх салдат, якія прадстаўлены ў экспазіцыі.
Для маладога пакалення вельмі важна ведаць гісторыю сваёй маленькай радзімы: ведаць, разумець, адчуваць… Вывучэнне гісторыі той мясцовасці, дзе ты жывеш, вучышся дазваляе па-новаму асэнсаваць мінулае і сучаснае, ўявіць будучае, адчуць подых гераічнага ваеннага ліхалецця і зведаць пачуццё гонару за свой народ.
Валерыя ЗІМНІЦКАЯ,
вучаніца 9-га класа,
Мядзельскі раён, Занарацкая школа.