У межах прадмета «Чалавек і свет» вучні 3-га класа Валеўскай школы адправіліся ў займальную экскурсію па школьным парку-дэндрарыі. Галоўная мэта – назіранне за прыродай і вызначэнне, як расліны і жывёлы адаптуюцца да ўмоў асяроддзя.
Першым прыпынкам стала «Паляна птушак». Тут вучняў сустракала вясёлая птушыная гамонка. Трэцякласнікі загадзя падрыхтаваліся да сустрэчы: яны прынеслі насенне сланечніку і з задавальненнем падсыпалі пачастунак у кармушкі. «Частуйцеся, калі ласка!» – гучалі іх добразычлівыя словы, а птушкі, быццам зразумеўшы, пачалі весела кружляць побач.
Наступным пунктам маршруту стала «Вавёрчыная рошча». Нядоўга чакаць давялося – пушыстая гаспадыня лесу хутка з’явілася паміж дрэвамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з захапленнем назіралі, як спрытна ігравая вавёрачка спускаецца ўсё ніжэй, зацікаўлена пазіраючы на сваіх маленькіх гасцей. Для яе таксама быў падрыхтаваны смачны пачастунак – грэцкія арэхі.
На працягу ўсёй прагулкі вучні адкрывалі для сябе новыя таямніцы парку-дэндрарыю, уважліва разглядалі расліны, знаходзілі цікавыя прыкметы зімы ў прыродзе, дзівіліся неверагоднай гармоніі свету, што іх акружаў.
З цудоўным настроем, натхнёныя і поўныя новых уражанняў, дзеці вярнуліся ў клас, дзе з задавальненнем дзяліліся сваімі назіраннямі і адкрыццямі. Гэтая экскурсія не толькі ўзбагаціла іх ведамі, але і пакінула ў сэрцах цеплыню і любоў да прыроды.
Марына Аляксандраўна СЦЯПУК,
класны кіраўнік3-га класа,
Навагрудскі раён, Валеўская школа.