У старэйшых класах кожны вучань задумваецца над далейшым прафесійным выбарам. Перад яго вачыма адкрываецца безліч розных сцяжынак. Выбраць сярод іх сваю і не памыліцца часам вельмі складана. Для таго, каб дапамагчы школьнікам адкрыць у сабе схаваныя рэсурсы і зразумець прафесійныя схільнасці, у школах праводзяцца адмысловыя прафарыентацыйныя сустрэчы, у ходзе якіх адбываецца знаёмства з разнастайнымі прафесійнымі накірункамі. Свой уклад у гэту важную справу ўносяць і супрацоўнікі бібліятэк. Прафарыентацыя дзяцей і падлеткаў стала традыцыйнай формай работы, якая выкарыстоўваецца ва ўсіх бібліятэках Астравецкага раёна.
Прафесія бібліятэкара лічыцца адной з найбольш высакародных, бо спецыялісты гэтай галіны дакранаюцца да асноўнага і галоўнага – кнігі. На сённяшні момант у кожнай бібліятэцы сабраны грунтоўны прафарыентацыйны матэрыял, які дапамагае маладому чалавеку не толькі зразумець спецыфіку прафесіі, але і акунуцца ў бібліятэчную атмасферу. На сустрэчах з выпускнікамі бібліятэкары дэманструюць, што не адстаюць ад прагрэса – у іх арсенале самыя сучасныя сродкі і падыходы. Такім чынам, развейваецца міф аб тым, што бібліятэка засталася ў мінулым веку. Пласт прафарыентацыйнай работы праводзіцца і праз перыядычны друк, дзякуючы якому ёсць магчымасць ахапіць шырокае кола выпускнікоў, данесці важную інфармацыю.
У межах раённага праекта “Час выбару” у школах Астравеччыны для выпускнікоў лядзяцца бібліятэчныя ўрокі, прафарыентацыйныя гадзіны, дыялогавыя пляцоўкі, падарожжы ў прафесію. Кожнае з іх заклікана дапамагчы і накіраваць падлеткаў. Можна сцвердзіць, што бібліятэка стала цэнтрам арыентацыі на бібліятэчную прафесію, бо дзякуючы станоўчаму прыкладу супрацоўнікаў, творчай працы многія робяць прафесійны выбар на карысць бібліятэчнай сістэмы.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.