Усе дзеці і дарослыя мараць хоць раз у жыцці пасядзець у кабіне самалёта. А кіраваць ім у паветры – гэта нешта падобнае да міра фантастыкі. Навучэнцы 8-х і 10-х класаў сярэдняй школы № 11 г. Ліды змаглі не проста здзейсніць свае мары, а амаль рэалізаваць іх у жыцці.
У рамках рэгіянальнага праекта «#Эканоміка. Асоба. Будучыня» школьнікі наведалі 116-штурмавую авіяцыйную базу. Падлеткі не толькі даведаліся пра жыццё вайсковай часткі, паназіралі за працэсам падрыхтоўкі лётчыкаў на Су-25 і Л-39, але і на практыцы змаглі адчуць усе хваляванні ад палёту. Хлопцы і дзяўчаты ажыццявілі свае даўнія дзіцячыя мары: ім было дазволена сесці за штурвал трэнажора вучэбна-баявога самалёта ЯК-130 і кіраваць авіямашынай на працягу пэўнага часу. Пралятаючы над горадам, вучні ўбачылі знаёмыя вуліцы, будынкі, а пакінуўшы горад, іх вачам адкрыліся неверагодныя краявіды лясоў, палеткаў, рэк, вадаёмаў.
Наведалі школьнікі і музей самалётаў пад адкрытым небам, дзе ўбачылі авіяцыйную тэхніку розных гадоў. Зазірнулі ў казармы і змаглі ацаніць умовы жыцця сучасных салдат, якія праходзяць службу на тэрыторыі часткі.
Вялікую падзяку выказваюць навучэнцы і педагогі кіраўніцтву авіябазы і арганізатарам экскурсіі за неверагодныя эмоцыі. Кожны падлетак, вяртаючыся да хаты і дзелячыся ўспамінамі, у душы адчуў пачуццё гонару за беларускую авіяцыю!
Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8-га класа «Б».
г. Ліда, школа № 11.