Захаванне і ўмацаванне здароўя навучэнцаў, прывіццё ім навыкаў здаровага ладу жыцця сёння вельмі актуальныя. У гэтым напрамку ва ўстанове адукацыі “Паляцкішская сярэдняя школа” Воранаўскага раёна праводзіцца актыўная работа.
У рамках шостага школьнага дня для вучняў 7–8-х класаў праведзены кіналекторый «Шкодныя звычкі – шлях у нікуды». Падчас мерапрыемства ў даступнай форме падлеткі даведаліся пра негатыўныя наступствы шкодных звычак на чалавечы арганізм і іх згубны ўплыў на фарміраванне асобы. Прагляд відэаролікаў даў магчымасць падлеткам зрокава ўбачыць, як у арганізм чалавека трапляе дым ад цыгарэты, на што і як ён уздзейнічае, што адчуваюць органы чалавечага цела, на якія ўплываюць алкаголь і наркотыкі.
Вучні азнаёміліся з даследаваннямі вучоных па праблеме курэння, наркаманіі. Пераканаліся ў тым, што тытунекурэнне, ужыванне алкаголю і наркотыкаў – ганебны і небяспечны занятак. Шкодныя звычкі з’яўляюцца ворагамі здароўя.
Адбылася размова з вучнямі пра здаровы лад жыцця як спосаб жыццядзейнасці чалавека. Падлеткі падзяліліся сваімі поглядамі, пачуццямі і думкамі па дадзенай тэме, прааналізавалі прыведзеныя сітуацыі, атрымалі карысную адукацыйную інфармацыю.
Навучэнцы прыйшлі да высновы: здароўе – гэта каштоўнасць чалавека, яе трэба берагчы змоладу, калі адбываецца непасрэднае фарміраванне арганізма. Кожны павінен засцерагаць сябе ад шкодных звычак, бо асабістая адказнасць за сваё здароўе з’яўляецца важным фактарам развіцця ў чалавеку грамадскай свядомасці.
Напрыканцы мерапрыемства вучні атрымалі рэкамендацыі: кожны можа з карысцю рэалізаваць асабісты патэнцыял праз актыўную дзейнасць у аб’яднаннях па інтарэсах, творчых конкурсах, праектах, акцыях, спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемствах, валанцёрскім руху, экалагічных дэсантах.
Іван Францавіч ГАБІС,
педагог сацыяльны.
Воранаўскі раён,
Паляцкішская школа.