У падарожжа – да суседзяў

Из нашей почты Новости

Што можна здзейсніць за два дні? Абляцець вакол зямнога шара некалькі разоў, праспаць пасля складанага вучэбнага года, прасядзець ў сацыяльных сетках, магчыма с карысцю, а можа і не.

Вучні 6-га класа Ладзеніцкага дзіцячага сада–базавай школы са сваім класным кіраўніком вырашылі завітаць да суседзяў – у ваколіцы аграгарадка Валеўка, што знаходзіцца таксама на Навагрудчыне і пападарожнічаць.

Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з былой шляхецкай сядзібай Чамброў, якая належыла сям’і Адэлі Узлоўскай, хрышчонай маці знакамітага Адама Міцкевіча, пабывалі на Радагашчанскай гары, старажытным паселішчы ІІІ ст. н. э.

У Валеўскім школьным народным гісторыка-краязнаўчым музеі вучняў чакала цікавая і пазнавальная экскурсія, у час якой іх вельмі ўразілі такія непадобныя адзін на аднаго экспанаты як зуб маманта і калаўрот, падручнік пачатку ХІХ ст. і пудзілы аленя, ваўка, кабана ў поўны рост.

Вечарам дзецям таксама не было калі адпачываць: збор дроў для распальвання кастра, прыгатаванне ежы, гульні і зносіны з аднакласнікамі, лоўля рыбы ў невялікай сажалцы.

Назаўтра паход працягваўся ў накірунку любімага возера Свіцязь, на беразе якога атрымліваеш асалоду ад непаўторнай прыроды, водных і сонечных  працэдур.

Лічым, што турыстычны сезон для шасцікласнікаў паспяхова адчынены і наперадзе іх чакаюць у час летніх канікулаў мноства цікавых падарожжаў.

І. А. КОМАР,

класны кіраўнік 6-га класа.

Навагрудскі раён,

Ладзеніцкі дзіцячы садбазавая школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *