Час няспынна ляціць наперад, нараджаюцца новыя пакаленні, але памяць наша нязменная. Як і нашы прадзеды, дзяды, бацькі, так і мы памятаем пра страшныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Іх перажылі нашыя людзі ў тыя далёкія 40-я гады. Гэтыя падзеі зараз гучаць званамі Хатыні, хвілінамі маўчання ў памятныя дні, раскрытымі злачынствамі нацыстаў на тэрыторыі нашай Беларусі, знойдзенымі астанкамі невядомых салдат…
Вучні 11-га класа Макранскай школы наведалі магілу невядомага салдата – лётчыка, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Салдат пахаваны на могілках вёскі Макранскія Хутары яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І дагэтуль сярод старэйшага пакалення ходзяць гісторыі аб збітым самалёце ў наваколлях Мокрага, аб расстраляных дэсантніках, аб пахаваных лётчыках каля старога пераезду ў бок вёскі Баркалабава…
А пра гэтае пахаванне расказала сям’я Марыны Міхайлаўны Абрамовіч, жыхаркі аграгарадка Мокрае. Яе сям’я з часоў вайны даглядала магілку лётчыка. Салдата пахавалі на могілках паміж вёскамі Макранскія Хутары і Малінаўка. Людзі, што пахавалі салдата, на бярозцы каля магілы выразалі зорку. Бярозкі ўжо няма, а вось памяць захавала гісторыю пра пахаваны лётчык. Ёсць магілка і ёсць гісторыя пра лётчыка.
Многія людзі ў Мокрым ведаюць гісторыю пра збіты самалёт, пра пахаванага лётчыка.
А вось што расказваў у свой час Фёдар Іосіфавіч Несцярэнка, жыхар Мокрага, які нарадзіўся 30 чэрвеня 1927 года, у гады вайны быў падлеткам: «…Аднойчы назіраў такое здарэнне. Нашы дэсантнікі прыгалі з самалёта. Яны пачалі прыгаць з самалёта недзе над Хутарам. Немцы чакалі нашых і для пасадкі самалёта распалілі вогнішчы. З савецкага самалёта была скінута асвятляльная ракета. Як толькі ракета асвятліла прастору, немцы адкрылі агонь з зенітак і кулямётаў. Самалёт паляцеў у бок Сарачынскага лесу, з самалёта прыгалі дэсантнікі. Самалёт упаў у ельніку ля чыгункі. Раніцой нам, хлапчукам, было цікава паглядзець, што там адбылося. Але немцы туды нікога не пускалі. І нас, хлапчукоў, таксама паганялі. Цікаўнасць брала верх. Прабрацца ўсё ж удалося. Убачанае ўражвала: на дрэвах віселі парашуты, некаторыя парашутысты былі жывыя, некаторыя забітыя. Нашы людзі пазней пахавалі некаторых дэсантнікаў. А хтосьці, магчыма, і ўратаваўся».
У музеі нашай школы захоўваюцца ўспаміны бабулі Іваннікавай Анастасіі. У той гісторыі распавядаецца пра выратаванага дэсантніка ў суседняй вёсцы недалёка ад вёскі Мокрае.
Пераконваешся ў рашэнні, што трэба паспрабаваць падняць гісторыі аб збітых самалётах каля вёскі Мокрае. Магчыма, што і імя невядомага салдата атрымаецца ўстанавіць.
Алена Уладзіміраўна ЦЫВІЛЬКА,
настаўнік, кіраўнік музея,
Быхаўскі раён, Макранская школа.