ХХХII Дзень беларускага пісьменства ў пачатку верасня 2025 года пройдзе ў Лідзе. Усе з нецярпеннем чакаюць гэтае маштабнае і неверагодна цікавае свята. З кожным днём горад мяняецца знешне: з’яўляюцца новыя аб’екты, якія радуюць як дарослых, так і дзяцей.
Вучні 6-га класа «А» лідскай школы № 11 ужо паспелі пазнаёміцца з вельмі незвычайнымі і карыснымі для горада арт-аб’ектамі. Размова ідзе аб першых усталяваных лавах на бульвары князя Гедыміна. Алея лаў будзе праходзіць ад аўтавакзала да гістарычнага цэнтра – Лідскага замка.
Як заўважылі школьнікі, агульная тэматыка новых аб’ектаў – гэта тэма кнігі. А яшчэ яны даведаліся, што конкурс «Арт-лава» праходзіць у межах свята сярод прадпрыемстваў і арганізацый горада. Удзельнікі павінны стварыць лавы на бульвары не проста, як месца адпачынку, а як сапраўдныя арт-аб’екты, якія ўпрыгожаць горад. Усяго павінна з’явіцца 27 тэматычных лаў. Пакуль што устаноўлена пяць. Самымі першымі ўдзельнікамі, хто размясціў свае лавы сталі ААТ «Лакакраска», шклозавод «Нёман», ДУП «Жыллёва-камунальная гаспадарка», ААТ «Лідахлебазавод», ААТ «Мінскі завод калёсных цягачоў». А так як бульвар князя Гедыміна знаходзіцца зусім побач са школай, то безумоўна, ні адзін аб’ект не будзе не заўважаны вучнямі. Ужо сёння дзяўчынкі і хлопчыкі змаглі ацаніць першыя арт-аб’екты.
Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 6-га класса «А»,
г. Ліда, школа № 11.