6 і 7 верасня ў цудоўным горадзе Лідзе адбыўся Дзень беларускага пісьменства. Гэты дзень сабраў усіх аматараў слова.
Вось на гэтае традыцыйнае свята былі запрошаны і вучні Круцілавіцкай базавай школы. Дзве дзяўчынкі разам з настаўнікамі прадстаўлялі литаратурны музей школы «На мяжы ўзгоркаў і раўнін». У сваім невялікім выступленні экскурсаводы музея Карына і Ксенія захапляльна расказвалі пра самыя яркія моманты з жыцця і творчасці сваіх землякоў-літаратараў. Завітвалі паслухаць цікавы аповед пра пісьменнікаў як дарослыя, так і дзеці з усіх куточкаў нашай Радзімы. Прайшліся мы і па вуліцах горада. На самай справе, хочацца адзначыць, што адбылося цудоўнае пераўвасабленне горада Ліды. Вуліцы як бы ўтварылі адну вялікую бібліятэку. Амаль з кожнага куточка было чуваць мілагучнае, роднае, беларускае слова. З вялікай сцэны гучалі вершы і песні. Мы з задавальненнем слухалі песні ў выкананні ансамбля “Песняры”, прэзентацыі новых кніг.
Два дні праляцелі хутка. Калі прыходзілася ад’язджаць дадому, то нават было і сумна. У многіх цікавых мясцінах горада мы не ўспелі пабываць. Зразумелі адно: што трэба ў хуткім часе вярнуцца ў горад Ліду, каб пабываць і больш пазнаёміцца з гісторыяй гэтага горада. А ХХХII Дзень беларускага пісьменства мы запомнім надоўга.
Станіслава Лявонаўна ЖЫХ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры,
Дзятлаўскі раён, Круцілавіцкая базавая школа.