
Сённяшнія дзеці – гэта заўтрашнія захавальнікі нацыянальнай памяці. Менавіта таму так важна з малых гадоў знаёміць іх з выбітнымі землякамі. У рамках такой мэтанакіраванай работы бібліятэкар філіяла “Мальская сельская бібліятэка-клуб” арганізавала для выхаванцаў дзіцячага сада цікавую экскурсію “Наш зямляк Іосіф Гашкевіч – першы расійскі консул у Японіі”.
Маршрут пазнавальнай прагулкі пралягаў да памятнага знаку славутаму дыпламату, чые апошнія гады жыцця былі звязаны з Малямі. Стоячы ля гэтага месца, дзеці з асаблівым цікаўствам слухалі аповяд бібліятэкара. А больш падрабязна яна спынілася на экспазіцыі, прысвечанай жыццю і дзейнасці Іосіфа Антонавіча, якая знаходзіцца ў самой бібліятэцы. Расказала пра яго шлях, поспехі на дыпламатычнай ніве і навуковых дасягненнях.
Знаёмства з гістарычнай, культурнай і нацыянальнай спадчынай – гэта важны крок у выхаванні падрастаючага пакалення. Праз пазнанне мінулага дзеці вучацца ўсведамляць сябе часткай вялікай гісторыі, жыхарамі вызначанага часавага перыяду, і адначасова далучаюцца да нацыянальнай і сусветнай спадчыны. Такія сустрэчы з гісторыяй закранаюць нябачныя струны дзіцячай душы і сёюць зярняткі павагі да свайго краю.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.
