
Сёлета Астравецкая зямля зноў стала сапраўдным цэнтрам навуковага жыцця, запрасіўшы да сябе вучоных, краязнаўцаў, школьнікаў і ўсіх аматараў гісторыі на Рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю «Астравецкія чытанні-2025». Гэта мерапрыемства, якое ўжо стала традыцыйным, выклікала шырокі грамадскі рэзананс і сабрала на адной пляцоўцы таленавітых і зацікаўленых людзей.
«Астравецкія чытанні» – гэта не проста фармальная сустрэча, а магутны штуршок для больш дасканалага вывучэння Астравецкага рэгіёна. Канферэнцыя дала магчымасць падняць сапраўды глыбокі і багаты пласт нашай гісторыі і стала важным стымулам для актывізацыі даследчай дзейнасці сярод маладога пакалення астраўчан.
Праграма мерапрыемства была неверагодна насычанай і разнастайнай. Удзельнікі і госці мелі магчымасць пачуць шмат новых звестак і цікавых фактаў, якія былі прадстаўлены ў дакладах, прысвечаных даследаванню Астравеччыны. Выступленні былі змястоўнымі і ахоплівалі шырокі спектр тэм: ад прозвішчаў жыхароў раёна ў кантэксце моўнай карціны свету беларусаў да назіранняў над лекавымі замовамі гэтага краю, ад мянушак да археалагічных помнікаў Астравецкага раёна і прылеглых тэрыторый. Асобныя даклады прысвячаліся экспедыцыйным матэрыялам М. Я. Грынблата і гісторыі мясцовых школ.
Урачыстасць мерапрыемства надалі пачатковыя прывітанні ад паважаных гасцей: старшыні Астравецкага раённага Савета дэпутатаў Генадзя Бычко, загадчыка сектара культуры Астравецкага райвыканкама Ангеліны Навасельскай, дырэктара раённай бібліятэкі Наталлі Ачарэтавай і дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігара Капылова.
Асаблівай старонкай канферэнцыі стала прадстаўленне кнігі «Беларуская мова ад А да Я» – своеасаблівай міні-энцыклапедыі, дзе ў навукова-папулярнай форме падаюцца разнастайныя моўныя факты.
Не менш важным момантам стала ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу «Астравеччына: натхненне ў фарбах», якія атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Няма сумнення, што канферэнцыя прайшла на высокім навуковым узроўні. Яна дазволіла вопытным даследчыкам абмяняцца ідэямі і дасягненнямі, а пачынаючым навукоўцам – адчуць сябе сапраўднай часткай навуковай супольнасці. «Астравецкія чытанні» яшчэ раз даказалі, што любоў да малой радзімы і цікавасць да яе мінулага з’яўляюцца магутнай сілай, здольнай аб’ядноўваць і натхняць на новыя адкрыцці.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.

 
						