
Напэўна кожны з нас хацеў бы жыць і працаваць у сваёй краіне – Беларусі! Лёс яе вельмі залежыць ад нашай моладзі. Нездарма кажуць: што пасееш, то і пажнеш. Таму неабходна нам, дарослым, зразумець, што нашы дзеці- гэта наша люстэрка, нашы жаданні і наша выхаванне.
Пазнанне новага, знаёмства са светам, наваколлем і прафесійнае развіццё магчыма праз экскурсійную дзейнасць. Вельмі шмат слоў можна казаць пра розныя прафесіі, але лепш убачыць сваімі вачыма. Мы, класныя кіраўнікі 1 школы горада Смаргоні, разам са сваімі выхаванцамі любім вандраваць і развіваць нашых дзяцей у гэтым накірунку. Так да 10-га класа наведалі шмат прадпрыемстваў у Смаргоні і па краіне: «Мінскі трактарны завод», «Камунарка», «БЕЛАЗ», «Белмастацкераміка», «Смаргонскія малочныя прадукты», «Смаргонскі ліцейна-механічны завод», «Смаргонскі камбікармовы завод», «Смаргонскі лясгас», «Аграпрамбанк», «Смаргонская ветэрынарная лячэбніца», «Смаргонскі Белдзяржстрах», «Белтэлекам», рэдакцыя газеты «Светлы шлях» і іншыя.
Кожныя канікулы выкарыстоўваем для экскурсій. Вось і ў гэтым навучальным годзе вучні 7-х «А» і «Б», 9-х «Б» і «В», 10-х «А» і «Б» класаў разам з класнымі кіраўнікамі – Людмілай Яраславаўнай Дубоўскай, Марыяй Авеніраўнай Грынчук і Таццянай Раманаўнай Гедройц, накіраваліся ў падарожжа. Наш шлях спачатку быў накіраваны ў Радашковічы, на прадпрыемства «Белмастацкераміка», дзе апрацоўваюць гліну і ствараюць вельмі прыгожыя сподачкі, вазачкі, вазонніцы, кружкі, заварнікі, садовыя дэкаратыўныя фігуркі і розныя сувеніры. Мелі магчымасць паназіраць за працэсам апрацоўкі камячка гліны, ператварэнне яго ў цудоўныя формы розных рэчаў! А якія майстры працуюць: адны фармуюць рэчы, іншыя, шліфуюць, сушаць, грунтуюць, фарбуюць, размалеўваюць, лепяць уручную розныя ўпрыгожванні і надаюць таварны выгляд прадукцыі. Якое гэта мастацтва працаваць на такім прадпрыемстве! Неабходна сіла волі, згуртаванасць, натхненне і творчасць для работнікаў. Мы таксама паўдзельнічалі ў майстар-класе – стваралі з гліны ўпрыгожванні, фігуркі жывёл, лісцікі, сардэчкі. Пасля экскурсавод нас накіраваў у Музейны пакой, дзе на паліцах сабраныя вырабы прадпрыемства розных гадоў з 1940 года! Якая там прыгажосць!
Ну а потым для сваёй сям’і вучні змаглі набыць сувеніры ў фірменным магазіне.
Атрымаўшы эмоцыі у Радашковічах, накіраваліся ў сталіцу. Вельмі прыемнае восеньскае надвор’е спрыяла нашаму падарожжу! Мы любаваліся змяненнем рэльефа, яшчэ восеньскай афарбоўкай лясоў, сонечнымі прамянямі ў блакітным небе.
Вось і сустрэў нас Мінск. Другі прыпынак вандравання быў Музей авіяцыі пад адкрытым небам! Такая колькасць авіяцыйнай тэхнікі – пасажырскія самалёты, баявыя верталёты і самалеты! Імітацыя касмічнай прасторы з капсулай, якая далучаецца да касмічнай станцыі пры палёце нашых касманаўтаў! Былы лётчык – экскурсавод, вельмі цікава нам расказваў пра касмічныя палёты Ю. Гагарына, П. Клімука, А. Навіцкага, У. Кавалёнка, М. Васілеўскую, пра сучасныя даследванні на касмічных станцыях, пра магчымасці вяртання касманаўтаў на родную Зямлю. Многія з нашых слухачоў захапіліся жаданнем таксама падняцца ў паветра і самастойна навучыцца кіраваць такой тэхнікай. Як кажуць: дарога памылак не даруе, а ў паветры яшчэ, напэўна, ўтрая! Неабходна трымаць сітуацыю на ўсіх прыборах у любое надвор’е!
Нашых вучняў запрасілі пасядзець за штурвалам самалёта, у ролі пасажыра ў салоне, пазнаёміцца з прыборамі і датчыкамі ў кабіне пілота. Якая гэта цікавая і адказная прафесія – лётчык!
Усхваляваныя і з добрым настроем вярталіся да дому! Дзякуй усім за такую магчымасць вандраваць дзеля нашай будучыні!
Людміла Яраславаўна ДУБОЎСКАЯ,
класны кіраўнік 10-га класа«Б», настаўнік біялогіі,
г. Смаргонь, школа № 1.
