Вучні Нягневіцкай школы наведалі мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой»

Из нашей почты Новости

Экскурсійная дзейнасць з’яўляецца адным з вядучых накірункаў ваенна-патрыятычнага выхавання ў Нягневіцкаё школе. У шосты школьны дзень вучні наведадалі горад Брэст і мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой».

Гэта знакавае месца Беларусі, авеянае воінскай славай. Крэпасць стала прыкладам стойкасці, адвагі і бязмежнай мужнасці савецкіх воінаў-памежнікаў.

Чаму неабходна наведаць Брэсцкую крэпасць? Таму што толькі там усведамляеш увесь жах вайны. Замест тысячы слоў гавораць самы за сябе вышчарбленыя сцены крэпасці, расплаўленая цэгла, а ўражанне ад манумента «Смага» такое моцнае, што кранае сэрца.

Вучні наведалі музей абароны Брэсцкай крэпасці, які знаходзіцца на тэрыторыі комплекса. Убачылі мноства дакументаў, пісьмаў, асабістых рэчаў абаронцаў крэпасці аб гераізме якіх сведчыць надпіс на сцяне: «Я паміраю, але не здаюся». Ужывую адчулі трагічную атмасферу гэтага гістарычнага месца.

Праз Тэраспальскія вароты прайшлі да ўнікальнага археалагічнага музея «Бярэсце», які быў адкрыты на месцы археалагічных раскопкаў старажытнага горада. «Бярэсце» з’яўляецца адзіным у Еўропе музеем сярэдневяковага ўсходнеславянскага горада. Тут на глыбіны чатырох метраў рабяты ўбачылі частку горада рамеснікаў XIII стагоддзя. Археалагічная калекцыя музея налічвае больш за сорак тры тысячы прадметаў.

Экскурсія закончылася каля Холмскіх варотаў, дзе зараз на месцы жорсткіх баёў растуць плакучыя івы, якія быццам бы смуткуюць аб загінуўшых.

Насычанай, пазнавальнай і цікавай была экскурсія па сучаснаму Брэсту. Вучні наведалі «Музей страчаных каштоўнасцей», дзе знаходзяцца антыкварныя рэчы, канфіскаваныя на мяжы. Унікальныя экспанаты расказваюць аб дзейнасці Брэсцкай мытні па прадухіленні кантрабанды культурных каштоўнасцей.

А ў музеі-аптэцы пазнаёміліся з цікавай гісторыяй сям’і брэсцкага аптэкара Саламона Грынберга. Убачылі цікавыя экспанаты, памятныя фотаздымкі і збор  медыцынскіх кніг.

На развітанне з горадам хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі пазнаёміцца з ліхтаршчыкам, які штодня з лесвіцай выходзіць на вуліцу Савецкую і першым дорыць людзям святло. 

Экскурсія ў Брэст і Брэсцкую крэпасць прымусіла задумацца аб міры і вайне. Наша задача, унукаў і праўнукаў пераможцаў, захоўваць памяць аб неверагоднай сіле духу савецкага народа, яго мужнасці і гераізме і пранясці гэту памяць праз гады ў савім сэрцы.

Раіса Аляксандраўна КОРШУН,

кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні,

Навагрудскі раён, Нягневіцкая школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *