Школьнікі Дзятлаўшчыны наведалі Лідскі замак і Цэнтр бяспекі МНС

Из нашей почты Новости

Навучэнцы пачатковых класаў Круцілавіцкай базавай школы адправіліся на экскурсію ў г. Ліду.

Вучні наведалі Лідскі замак. Тлумачэнні настаўнікаў дазволілі ўдзельнікам экскурсіі пазнаёміцца, паглыбіць свае веды аб абарончых збудаваннях мінулых стагоддзяў, аб жыцці беларускіх князёў, прадметах іх побыту. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся аб гістарычных асобах, якія ў свой час наведвалі замак, аб гістарычных падзеях, якія тут адбываліся. Навучэнцы пабывалі на гістарычных мясцінах горада, пабачылі помнік князю Гедыміну, даведаліся аб гістарычным мінулым Міхайлаўскага сабору.

Затым вучні накіраваліся ў Цэнтр бяспекі МНС, дзе іх чакала інклюзіўнае мерапрыемства. Удзельнікі паглыбілі свае веды аб правілах пажарнай бяспекі і дарожнага руху, правілах паводзін каля вадаёмаў ў зімовы перыяд, правілах бяспечных паводзін у розных сітуацыях, патрэніраваліся тэлефанаваць у службу выратавання, пабывалі ў «задымленным» памяшканні, адказвалі на пытанні вядучага супрацоўніка Цэнтра бяспекі МНС, рашалі сітуацыйныя заданні. Асаблівыя захапленні выклікаў сканэр органаў цела чалавека, дзе самыя смелыя змаглі пабачыць «дыягназ» свайго арганізму і прычыны «захворвання», што дало магчымасць тут жа прааналізаваць свае карысныя і шкодныя звычкі і ўпэўніцца, якія наступствы чакаюць тых, хто не выконвае правілы здаровага ладу жыцця. Пры дапамозе яскравага і даступнага сучаснага абсталявання, спецэфектаў навучэнцы паглыбілі свае веды аб бяспечных дзеяннях падчас навальніцы, аб экалагічнай сітуацыі ў нашай краіне і многае іншае.

Вярталіся дадому хлопчыкі і дзяўчынкі крыху стомленыя, але задаволеныя і ўзрушаныя новымі ўражаннямі. Падчас правядзення экскурсіі ўсе ўдзельнікі адпрацоўвалі навыкі пераходу праезнай часткі, уменні рухацца ў групе, правілы паводзін у транспартным сродку. Такім чынам, экскурсія была карыснай і пазнавальнай для ўсіх удзельнікаў і прайшла ў добразычлівай навучальна-пазнавальнай атмасферы.

Ала Уладзіміраўна ЛАЗОВІК,

настаўніца пачатковых класаў,

Дзятлаўскі раён, Круцілавіцкая базовая школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *