Навагрудскія школьнікі здзейснілі захапляльнае падарожжа ў часе

Из нашей почты Новости

Вучні школы № 7 г. Навагрудка цікавяцца гісторыяй сваёй краіны і любяць падарожнічаць. Таму для іх была арганізавана экскурсія ў сталіцу нашай Радзімы – горад Мінск.

Школьнікі захацелі больш падрабязна пазнаёміцца з біяграфіяй і творчасцю ПЕСНЯРА Беларусі і з гэтай мэтай яны наведалі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, дзе змаглі на свае вочы ўбачыць прадметы інтэр’еру, асабістыя рэчы паэта, яго рукапісы, праслухаць верш у выканнані самога паэта, запісаны на радыё ў гады яго жыцця. Вучні дазналіся, што творы паэта сталі своеасаблівым мастом, што злучыў беларускую культуру з культурай сусветнай, а яго творчасць заслужыла сусветнае прызнанне.

У Янкі Купалы ёсць верш «Хлопчык і лётчык», які быў любімым вершам у першага чалавека, што паляцеў у космас, Юрыя Гагарына. Дзеці таксама змаглі адчуць сябе ў ролі лётчыка, калі сядзелі на стропах парашута, што знаходзіцца ў музеі.

Пасля школьнікі наведалі экспазіцыі «Мінская конка» і «Карэтная» Музея гісторыі горада Мінска. Хлопцы і дзяўчаты ўбачылі ўнікальныя экспанаты, якія адлюстроўваюць гісторыю станаўлення і развіцця грамадскага транспарту горада Мінска, рэканструіраваны конны вагон і зрабілі віртуальную паездку па горадзе разам з кандуктарам. Падчас паездкі вучні зазіралі ў вітрыны самых папулярных крамаў ХІХ стагоддзя. Цікавым для іх быў інтэр’ер канторы упраўлення Мінскай коннай чыгункі. Праслухаўшы навіны і пажаданні ад служачых і гараджан, можна было прыняць удзел у рабоце ўпраўлення.

Экспазіцыя «Карэтная» у Музеі гістрыі горада Мінска прысвечана гісторыі коннага транспарту жыхароў Мінска губернскага перыяду. Школьнікі пазнаёміліся з трыма відамі коннага транспарту: карэтным (лёгкая каляска тыпу фаэтон, чатырохмесная каляска з адкідным верхам), калёсным (воз-дробяз, брычка), палазным (сані, вазкі); убачылі фрагмент карэтнай майстэрні – працоўнае месца майстра і прынялі ўдзел у віртуальнай гульні «Збяры экіпаж».

Закончылася падарожжа наведваннем гандлёвага цэнтра «Дана Мол» з прыгожай інсталяцыяй, напоўненай знаёмымі беларускімі фальклорнымі персанажамі –Казой, Зюзяй; з вялікая Каляднай ялінкай, вакол якой размясціліся крамы з казачнымі персанажамі. Захапіла сваёй прыгажосцю школьнікаў батлейка з яслямі, у якіх выява маленькага Ісуса Хрыста.

Дамоў вучні вярталіся з добрым настроем, спявалі песні ў аўтобусе і дзяліліся ўражаннямі ад экскурсіі.

Валянціна Віктараўна МАНЮК,

класны кіраўнік 8-га класа «А»,

г. Навагрудак, школа № 7.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *