Классный час с «Зорькой»

Из нашей почты Новости Онлайн-проект "Классный час с "Зорькой"

«Калі школа – родны дом» – такая тэма класнай гадзіны, якая прайшла у нас на гэтым тыдні. Мы наведалі школьны музей і пазнаёміліся з экспазіцыяй «Гісторыя Свіслацкай СШ».

З пажаўцелых фотаздымкаў на нас глядзелі былыя вучні, бацькі, а можа бабулі і дзядулі, кагосьці з нас, цёмныя класы і вузкі калідор старога будынка школы. На больш новых фотаздымках мы распазналі настаўнікаў, якія працуюць цяпер, якімі маладымі яны былі… А вось школьная парта, за якой сядзелі раней вучні, школьная форма з белымі каўнерыкамі для дзяўчынак.  На некалькі хвілін астанавіліся ля стэнда “Нашы медалісты”, напэўна кожны памарыў, каб і яго прозвішча таксама было ўнесена ў залаты спіс. Потым мы разгадвалі філфорд і склалі слова “Знания”. Адказаўшы на пытанні віктарыны, даведаліся, што ў цяперашніх вучняў з раскладу “прапаў” прадмет “Чистописание”. Ну а тэкст мудрай прыказкі пра вучобу “Тот живёт не тужит, кто с наукой дружит” стаў нам дэвізам на кожны дзень. Класная гадзіна закончылася і мы выконваем хатняе заданне.

У гэтым годзе наша школа святкуе 161 юбілей. І мы запрашаем вас на кароткае падарожжа ў мінулае.

Гісторыя сённяшняй Свіслацкай сярэдняй школы пачынаецца яшчэ 161 год назад. Менавіта тады, у 1861 годзе, была адкрыта школа пры царкоўным прыходзе Дзерачынак. Настаўнікам з’яўляўся мясцовы святар Аляксандр Пігулеўскі. Размяшчалася школа ў памяшканні царкоўнай багадзельні.

У 1863 годзе пры прыходскай царкве было адкрыта Дзерачынкоўскае народнае царкоўнае вучылішча, у якім навучалася 20 хлопчыкаў. Настаўнікам і законавучыцелем у вычылішчы быў прызначаны святар Аляксандр Пігулеўскі. Гэту пасаду ён займаў 11 гадоў. Аснову навучання складаў Закон Божы.

З 1 верасня 1875 года кіраўніком Дзерачынкоўскага народнага вучылішча была Соф’я Мікалаеўна Крэчэўская. У 1882 годзе колькасць вучняў народнага вучылішча налічвала 50 чалавек. Па выніках навучання за год вучні народнага вучылішча здавалі экзамены. Экзамены здаваліся вучнямі некалькіх вучылішчаў адначасова і прымалі іх святары з іншых цэркваў.

У 1902 годзе быў адкрыты новы будынак Дзерачынкоўскага вучылішча. На яго адкрыцці прысутнічаў тагачасны гродзенскі губернатар Пётр Аркадзьевіч Сталыпін. Паралельна з народным вучылішчам у Свіслачы дзейнічала і царкоўна-прыходская аднагадовая школа.

У час Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Свіслачы не дзейнічалі ні царква, ні школа. І віхура падзей 1920-х гадоў таксама не дазволіла аднавіць школьнае навучанне. Аднаўляецца вучоба толькі ў пачатку 1930-х гадоў. У 1932 годзе ў хаце адвяскоўца Кардаша Аляксея былі адкрыты пачатковыя класы. Пазней, у 1934 годзе, пачалося будаўніцтва новай школы.

Новая чатырохгадовая школа была адкрыта ў 1936 годзе. Навучанне ў ёй праводзілася толькі на польскай мове і называлася яна Дзерачынкоўскай па назве царкоўнага прыхода. Гісторыя нам захавала імя першага дырэктара школы Леаніда Палькоўскага і   прозвішча настаўніка матэматыкі Дудзінскага. Такой была школа да 1939 года.

У часы Вялікай Айчыннай вайны школа была закрыта. На доўгія чатыры гады змоўкі дзіцячыя галасы ў класах , не гучаў званок у школьных  калідорах.

Заняткі аднавіліся толькі пасля вызвалення Свіслачы ад фашыстаў. У класы вярнуліся дзеці розных узростаў, усе тыя, хто не меў магчымасці вучыцца ў часы вайны. І так апынуліся побач за партамі шасцігадовыя і пятнаццацігадовыя вучні.

Да 1958 года школа была сямігадовай. З 1958 па 1964 год школа была васьмігадовай. А ў 1964 годзе яна стала сярэдняй.  У  1966 годзе яе скончылі першыя дзесяцікласнікі – 25 вучняў. Дырэктарам тады быў Леанід Мікалаевіч Жукоўскі.

Дзерачынкоўская школа была адной з вядучых школ у Гродзенскім раёне. Асаблівае значэнне ў яе развіцці надавалася патрыятычнаму, эстэтычнаму і  і працоўнаму выхаванню. Пад кіраўніцтвам Жукоўскага Леаніда Мікалаевіча ў 1965 годзе ў школе быў адкрыты музей Баявой Славы. Ён стаў месцам сустрэч школьнікаў і жыхароў вёскі з роднымі загінуўшых воінаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, цэнтрам выхаваўчай работы ў школе.

З 1971 па 2007 год дырэктарам школы быў Шумскі Генрых Іосіфавіч, які на прцягу 36 гадоў кіраваў школай. У гэты час (у 1991г.) быў пабудаваны новы будынак школы са светлымі класамі, басейнам, камп’ютарным класам, спартыўнай залай, сталовай, бібліятэкай. Школа стала называцца па-новаму-Свіслацкая.  У 2005 годзе  на базе школы быў адчынены краязнаўча-этнаграфічны музей, дзе сабраны матэрыялы пра гісторыю вёскі Свіслач, гісторыю нашай школы, СВК “Свіслач” і інш. Наведвальнікамі музея з’яўляюцца не толькі вучні школы, але і вучні суседніх Квасоўскай і Індурскай школ, а таксама госці. У школе працягвалася вучэбна-вытворчая дзейнасць. Праўленне калгаса выдзеліла трактар і набор сельскагаспадарчага інвентару, а таксама спецыяліста-настаўніка. Было вырашана рыхтаваць на базе калгаса і школы з ліку юнакоў 10-11 класаў трактарыстаў-прафесіяналаў.

З 2008 года дырэктарам школы працавала Гідравец Алена Пятроўна. Асноўны напрамак дзейнасці школы — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. У школе працуе краязнаўча-этнаграфічны музей (кіраўнік: настаўніца гісторыі Жукоўская З.І.), раённы музей Маці (кіраўнік: настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Кулікова Н.У.), дзейнічае рэсурсны цэнтр па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню, дзе сабраны метадычныя матэрыялы, распрацоўкі ўрокаў, электронныя сродкі навучання. Другі важны напрамак дзейнасці школы — працоўнае выхаванне школьнікаў. Створана вытворчая брыгада старшакласнікаў, якая летам працуе на прышкольна-доследным участку. Восенню вучні дапамагаюць СВК “Свіслач” ва ўборцы ўраджаю агародніны.

З 2017 па 2022 год дырэктарам школы працаваў Лебецкі Іван Васільевіч. З 2022 года дырэктарам школы працуе Кашэта Наталля Уладзіміраўна. Змяняюцца  кіраўнікі, але традыцыі, закладзеныя ў папярэднія гады, працягваюцца і дазваляюць выхоўваць годных грамадзян нашай краіны.

Школа ганарыцца поспехамі сваіх вучняў, якія пад кіраўніцтвам настаўнікаў  з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі і пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў, з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі раённых і абласных прадметных алімпіяд, навуковых канферэнцый “Першыя крокі ў навуку” “Крыштальная Альфа”, “Край Гарадзенскі”, “Каложскія чытанні”, прадстаўлялі на суд строгіх экспертаў Беларускай Асацыяцыі клубаў ЮНЭСКА і ААН у Беларусі на рэспубліканскім злёце моладзевых стартапаў у г.Мінску экапосуд, зроблены з паперы, саломы і лісця раслін, паспяхова прадстаўлялі школу на абласным конкурсе “100 ідэй для Беларусі” і рэспубліканскім конкурсе “Медыясфера”. У скарбонцы школы мноства спартыўных грамат і кубкаў, дыпломаў рознай вартасці. За мінулы навучальны год вучні школы атрымалі 47 дыпломаў на раённым узроўні, 7 – на абласным, 3 – на рэспубліканскім, 9 – на міжнародным. Дзяўчынкі школы ўваходзяць у склад абласной каманды па футболе і прымаюць удзел у першынстве Рэспублікі Беларусь.

Школа ганарыцца краязнаўчым музеем і работай Савета краязнаўчага музея, у склад якога ўваходзяць вучні 9-10 класаў. Вучні вядуць актыўную пошукавую і даследчую работу. Асноўнымі напрамкамі даследчай дзейнасці  нашага  музея з’яўляюцца: даследаванне тэм “Гісторыя вёскі Свіслач”, “Вёска Свіслач у гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Гісторыя 139-ай Раслаўскай дывізіі, якая вызваляла вёску Свіслач” — дыпламант Рэспубліканскага конкурсу летапісаў воінскіх часцей і злучэнняў, “Педагогі-удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”, “Гісторыя ўтварэння саўгаса “Свіслач”, “Гісторыя Свіслацкай СШ.”  Дыпломамі І-ІІ ступеняў адзначаны даследчыя работы “Тройчы бессмяротная стралковая дывізія”, “Турыстычны патэнцыял вёскі Свіслач і наваколля”, “Вёска Свіслач у гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Гісторыя ўтварэння брыгады А.Неўскага і атрада імя К.Варашылава”. Даследчая работа “Культавае дойлідства Гродзеншчыны” (размалёўка) была адзначана дыпломам  I cтупені, а на вобласці была названа лепшай у намінацыі “Мая ініцыятыва для Гродзеншчыны”.  Навучэнцамі і настаўнікамі  школы  запісаны ўспаміны  дзяцей, якія нарадзіліся да 1945 года. Яны ўвайшлі ў кнігу “Галасы дзяцей вайны”, запісаны ўспаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і воінаў-афганцаў.

Школа ганарыцца дасягненнямі былых выпускнікоў. Сярод іх загадчык упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, урач алімпійскай зборнай Рэспублікі Беларусь, дырэктар Навагрудскага мясакамбіната, Доктар навук, навуковы супрацоўнік акадэміі навук Рэспублікі Польшча г. Варшава, член-карэспандэнт нафтагазавай акадэміі Украіны, першы прарэктар Гродзенскага аграрнага універсітэта, хірург, загадчык аддзялення другой бальніцы горада Гродна, журналіст-аглядальнік г.Масква, разведчык, супрацоўнік УКДБ СССР г.Масква, выкладчык ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы, дырэктар Вялікасельскай базавай школы Свісласкі раён, дырэктар Старадворацкай базавай школы-сада і многімі, многімі іншымі, якія добрасумленна  працуюць на сваіх працоўных месцах.

Сярэднюю Свіслацкую школу закончылі больш 1500 вучняў, з залатым медалем 27 чалавек, з сярэбраным- 12 чалавек. Больш за 70 выпускнікоў атрымалі прафесію настаўніка і чатыры з іх працуюць сёння ў роднай школе.

У школьным краязнаўчым музеі даволі багатая этнаграфічная калекцыя: ліхтары, гліняныя збанкі, прасы, рушнікі… Усіх у музеі сабрана 340 экспанатаў. За час існавання музея ў ім праведзена больш за 200 экскурсій,  каля 1250 чалавек пабывала ў ім. А ў снежні 2021 года тут з’явіўся яшчэ адзін экспанат – сявенька. Здаецца, звычайны. Але ж вельмі важны. Летам у час паходу, вучні школы наведалі вёску Карозічы, якая знаходзіцца побач са Свіслаччу.  У Карозічах яны пабывалі ў двары простай сялянскай хаты. Там ужо ніхто не жыве. Але былая яе гаспадыня Дзямешчык Алена Мікалаеўна правяла дзяцей па ўсіх закавулках двара, адчыніла хату і дазволіла нават зайсці ў сенцы. Вось тут яны і ўбачылі сярод іншых рэчаў тую самую сявеньку. Алена Мікалаеўна расказала, што яшчэ яе дзядуля сеяў збожжа з гэтай сявенькай. Убачыўшы, як вучні зацікавіліся гэтай рэччу, Алена Мікалаеўна перадала сявеньку ў школьны музей. Абрад першай баразны адрадзілі ў нашым СВК “Свіслач”. Штогод працаўнікі і кіраўнікі гаспадаркі, школьнікі, работнікі Дома культуры выходзяць вясною ў поле для яго правядзення. У руках па старадаўняй традыцыі мужчыны трымаюць сявенькі. Беражліва бяруць зерне рукамі і рассыпаюць яго па полі. Цяпло рук гаспадароў перадаецца будучаму ўраджаю. Старадаўні абрад для сучасных хлебаробаў – даніна павагі да традыцый, свята сяброўства і гасціннасці. Цяпер сявенька займае пачэснае месца сярод экспанатаў школьнага музея. Яна з’яўляецца адным з галоўных “герояў” пад час экскурсіі “Адкуль браўся хлеб”.

Вучні і настаўнікі школы –гэта адна сям’я. Для вучняў пачатковых класаў самы лепшы настаўнік –  гэта іх першая настаўніца.  Для ўсіх астатніх – іх класны кіраўнік. Але ёсць у нас настаўнікі, якіх любяць усе. Гэта Наталля Ўладзіміраўна Кулікова, якая выкладае геаграфію. Яна вельмі любіць свой прадмет, укладвае ў яго шмат сіл і энергіі, тлумачыць усё проста і даступна, даносіць да вучняў шмат  цікавай і неабходнай інфармацыі. Яе ціхі, спакойны голас дае магчымасць адчуць і ўбачыць тое, аб чым яна расказвае. Штогод, падчас летняга працоўнага адпачынку,  Наталля Ўладзіміраўна  падарожнічае, а потым убачанае ўжывае на ўроках геаграфіі. Яе аповяды прымусяць слухаць нават самага няўважлівага вучня.  Багаццем і шыратой яе ведаў нельга не захапляцца.

Яшчэ у нас любяць усе ўрок фізкультуры. На гэтым уроку не трэба моўчкі і нерухома сядзець за партай, доўга слухаць і пісаць.  Тут патрабуецца зусім іншае — бегаць, скакаць, куляцца, а часам нават поўзаць! Андрэй Іосіфавіч Дзюрдзь урок пачынае з прабежкі і практыкаванняў з мячом, скакалкамі, абручамі, гімнастычнымі палкамі.  Андрэй Іосіфавіч строгі і патрабавальны настаўнік, але заўсёды здолее зразумець вучня і даць патрэбную параду. Свайму прадмету ён не проста вучыць, а захапляе, прычым не толькі хлапчукоў, але і дзяўчынак. Мы і не думалі, што фізкультура можа быць настолькі цікавай і карыснай.

Мы паважаем і любім усіх настаўнікаў школы і жадаем ім моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту! 

Вучні 3-га класа і

Ганна Сяргееўна ГВАЗДОЎСКАЯ.

Гродзенскі раён, Свіслацкая школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *