
16 лютага ў лідскай школе № 11 быў дадзены старт Тыдню роднай мовы. Па традыцыі ў госці штогод да вучняў прыходзяць майстры прыгожага пісьменства, якія маюць чым падзяліцца з маладым пакаленнем, чым уразіць.
На гэты раз у літаратурную гасцёўню завітала лідская паэтэса Ірына Уладзіміраўна Маркевіч, удзельнік літаратурнага аб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідская газета».
Па-першае, што цікавіла юных слухачоў, зразумела, – асоба чалавека. Ірына Уладзіміраўна ўласна распавяла аповед пра сябе. Вучні даведаліся, што нарадзілася паэтэса ў 1954 годзе на Лідчыне ў вёсцы Ельня, вучылася ў Біскупскай васьмігадовай школе, дарэчы, дзе калісьці вучылася беларуская пісьменніца Данута Бічэль. Затым працягвала вучобу ў Дакудаўскай сярэдняй школе. У свой час атрымала дзве вышэйшыя адукацыі. Першую ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інтытуце па спецыяльнасці агранамія, а другую – у Беларускім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці выкладчык біялогіі і хіміі. Зараз яна знаходзіцца на заслужаным адпачынку і шмат часу аддае літаратуры. Вершы Ірына Уладзіміраўна пачала пісаць у 1999 годзе. Друкуецца не толькі ў раённых выданнях, а таксама і ў рэспубліканскіх. А некалькі дзён назад з друку выйшаў ужо другі яе паэтычны зборнік пад назвай «Жыццё віруе». Першы ж паэтычны зборнік «Даверлівы дыялог» убачыў свет у 2024 годзе.
Па-другое, аб чым марылі юныя аматары паэзіі, канешне, паслухаць творы ва ўласным чытанні паэтэсы. Мары дзяцей збыліся, бо Ірына Уладзіміраўна зачытала шэраг лірычных твораў. І як адзначылі ўсе прысутныя: пяру аўтара паддаюцца творы розных жанраў і тэматыкі. Але галоўнымі аб’ектамі падчас сустрэчы сталі творы, напісаныя на беларускай мове і прысвечаныя, як беларускай мове, так і радзіме, прыгажосці нашай краіны, безумоўна, казкам і гумарыстычным творам.
Юныя аматары літаратуры з зацікаўленасцю слухалі вершы, а лепшай удзячнасцю майстру слова сталі апладысменты. Вялікі дзякуй, паважаная Ірына Уладзіміраўна, за цікавую сустрэчу, і вельмі хочацца вам пажадаць словамі з вашага ж верша: «Няхай ніколі не абмялее вашых слоў рака».
Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік,
г. Ліда, школа № 11 імя Н. І. Паповай,
6-ы клас «А».
