Жыццё, прысвечанае роднай мове

Белорусочка Год белорусской женщины Из нашей почты Новости

Год беларускай жанчыны прынята разважаць, якая яна, БЕЛАРУСАЧКА. А я чамусьці падумала пра маю суседку, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Людмілу Уладзіміраўну Гаражан, якая доўгі час працуе настаўніцай у школе № 2 г. Капыля.

Педагагічная дзейнасць Людмілы Уладзіміраўны пачалася яшчэ ў ХХ стагоддзі –у далёкім 1980 годзе. Хоць апошнія тры гады яна і не стаіць ля дошкі з крэйдай у руцэ (працуе цьютарам), упэўнена: вучні яшчэ доўга будуць памятаць яе ўрокі.

Выбар прафесіі быў вызначаны яшчэ з першага класа. Але доўгі час Людміла Уладзіміраўна вагалася з выбарам мовы, якою хацела б выкладаць. Адказ прыйшоў сам сабою: пры паступленні ў БДУ яна выбрала філалагічны факультэт, аддзяленне беларусскай і русскай мовы і літаратуры.

Настаўніца лічыць, што слова – гэта вялікая каштоўнасць у жыцці чалавека: яно можа супакоіць, а можа, наадварот, усхваляваць. Слова аб’ядноўвае людзей – трэба толькі прыслухацца да яго і правільна разумець.

Яна прызнаецца, што ўсе словы ў мове для яе любімыя, асабліва тыя, што нясуць у сабе дабро і дапамагаюць у складаных сітуацыях.

На пытанне пра любімага пісьменніка і твор Людміла Уладзіміраўна адказала, што любоў да літаратуры бясконцая: у кожнага пісьменніка можна знайсці нешта карыснае і цікавае.

У студэнцкія гады ёй пашчасціла прысутнічаць на юбілеі К. Крапівы; быць на сустрэчы з В. Быкавым; сустрэцца з Я. Брылем. Гэтыя ўспаміны яшчэ больш замацавалі яе захопленасць прыгажосцю роднага слова.

Як і ў кожнага чалавека, у настаўніцы ёсць мара: пабываць на магіле Пушкіна, Талстога і Багдановіча. Ажыццявілася ўсё, акрамя паездкі да магілы Пушкіна. Людміла Уладзіміраўна распавядае, з якой цяжкасцю ёй атрымалася адшукаць у Ялце магілу Багдановіча.

Самымі дарагімі ўзнагародамі для сябе яна лічыць сертыфікаты сваіх вучняў, якія першыя здавалі цэнтралізаванае тэсціраванне.

Яна ніколі не забудзе слоў сваіх вучняў на 15‑гадовым юбілеі выпуска: «Хоць мы знаходзімся ў розных канцах краіны, але ў кожнага з нас засталася ваша часцінка».

Самыя яркія ўспаміны з працы – гэта літаратурныя вечары, на якіх ставілі ўрывак з камедыі Я. Купалы «Паўлінка».

Людміла Уладзіміраўна лічыць, што мова патрэбна моладзі: некаторых яна цікавіць сама па сабе, іншых трэба трохі падштурхнуць. Сакрэт выкладання, па яе меркаванні, вельмі просты: настаўнік + вучань = вынік.

Каб атрымаць канчатковы плён, трэба настаўніку умець навучыць, а вучню – жаданне навучыцца. Тады ўсё атрымаецца. Галоўнае – любіць, шанаваць, адносіцца з павагай да роднай мовы.

Вось такая яна, сучасная жанчына, БЕЛАРУСАЧКА, якая для ўсіх нас з’яуляецца прыкладам патрыятызма, духоўнасці і любові да роднай зямлі і мовы.

Ганна КАРПОВІЧ,

вучаніца 10-га класа,

г. Капыль, школа № 3.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *