Хто – куды, а мы – у вандроўку!

Из нашей почты Новости

Напярэдадні вясенніх канікул кожны вучань будуе планы: як лепш і цікавей правесці вольны час. І вось – канікулы! Шасцікласнікі  лідскай школы № 11 сустрэлі іх пад дэвізам «Хто – куды, а мы – у вандроўку!»

На гэты раз маршрут пралёгаў па некалькіх раёнах Гродзеншчыны: Лідскім, Дзятлаўскім, Слонімскім і Зельвенскім. А асноўнымі аб’ектамі наведвання сталі Жыровіцкі Свято-Успенскі мужчынскі манастыр, Свята-Міхайлаўская царква ў Сынкавічах, храмы Слоніма і Дзятлава…

З гісторыяй Слонімскага краю, з тым, калі і пры якіх абставінах узнік адзін са старэйшых гарадоў Беларусі — горад Слонім, з выявай герба горада і шмат іншым, школьнікі пазнаёміліся падчас наведвання Слонімскага раённага краязнаўчага музея імя І.І. Стаброўскага. Сам жа горад юныя турысты змаглі ўбачыць уласна, адправіўшыся на пешаходную экскурсію. Безумоўна, іх увагу прыцягнулі асобы Льва Сапегі і Міхала Казіміра Агінскага, якія пакінулі пасля сябе добрую памяць і тым самым увекавечылі свае імёны ў гісторыі не толькі Слоніма, але і ўсёй краіны. Важная постаць Льва Сапегі сустрэла вучняў у цэнтральным скверы горада і моцна ўразіла сваёй вялікасцю і значнасцю.

Аграгарадок Жыровічы – сёння вядомае месца не толькі для беларусаў, сюды прыязжаюць людзі з усяго свету. Такую магчымасць рэалізавалі і лідскія школьнікі. Першае, што ўразіла дзяцей, – гэта цішыня і спакойны расклад жыцця. Пазнавальнае падарожжа па тэрыторыі манастыра, у суправаджэнні семінарыста III курса Арсенія, дазволіла пачуць цікавыя паданні і факты з гісторыі мясціны, убачыць і наведаць старажытныя храмы, якіх на тэрыторыі налічваецца тры, а таксама дакрануцца да святыні – Жыровіцкай іконы Божай маці. Пачулі юныя паломнікі і мелодыю званоў, вага самага вялікага складае  14 тон, убачылі прыгожую інсталяцыю “яўленне іконы пастушкам”, шматвекавую ліпу, сведку многіх падзей, якія адбываліся ў далёкія часы. І наведалі месца, дзе захаваны Герой Беларусі Мітрапаліт Філарэт, патрыяршы экзарх Усяе Беларусі.

Пасля знаёмства з Жыровіцкім манастыром дзеці наведалі трапезную, дзе змаглі пакаштаваць смачныя стравы і падсілкавацца на далейшае падарожжа.

У Жыровічах, акрамя манастыра, мы наведалі святую крыніцу і “Эдэмскі сад”. Нягледзячы на тое, што на вуліцы яшчэ няма зялёнага ўбрання, сад усё ж уразіў дзяцей сваімі жыхарамі. Убачыць у некалькі кроках ад сябе драпежных жывёл, пачуць іх голас і нацешыцца паводзінамі воўка, рысі ці мядзведзя – такое бывае рэдка. Мядзведзь увогуле ўразіў сваімі памерамі, калі стаў на заднія лапы. Здалося, што яго рост склаў звыш трох метраў. Сапраўдны асілак!

Наведваючы Свята-Міхайлаўскую царкву вёскі Сынкавічы Зельвенскага раёна, юныя падарожнікі дакрануліся да аднаго з старажытных храмаў-мураванак, якіх на Беларусі сёння налічваецца не так шмат. Святар уласна пазнаёміў вучняў з гісторыяй царквы, асаблівасцямі архітэктуры, галоўнай святыняй – іконай Божай маці Усецарыцай.

А каб шлях да хаты не быў доўгім, падарожнікі наведалі горад Дзятлава і здзейснілі пешую экскурсію. Асаблівую ўвагу падчас наведвання горада мы звярнулі на скульптуру і асобу мясцовага жыхара, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны здзейсніў сапраўдны подзвіг. Пад пагрозай смерці Іосіф Філідовіч павінен быў паказаць дарогу фашысцкім захопнікам у партызанскі шпіталь, але ён завёў іх у топкае балота. Сам Іосіф Іосіфавіч загінуў, але загінуў і карны атрад. А шпіталь дзейнічаў да самага вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Вяртаючыся дадому, юныя вандроўнікі, безумоўна, крышку змарыліся, але кожны быў натхнёны ад атрыманых уражанняў, ад магчымасці пагутарыць, ад цікава і карысна праведзенага часу.

Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,

класны кіраўнік,

г. Ліда, школа № 11 імя Н. І. Паповай,

6-ы клас «А».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *