Жыццёвы ўзор матулі: клопат, творчасць, адвага

Белорусочка Год белорусской женщины Из нашей почты Новости

У ціхай вёсцы, дзе час цячэ павольна, жыве жанчына, чыё жыццё – гэта гімн мацярынства, творчасці і служэнню іншым. Яе імя вядома кожнаму ў акрузе, а яе дом – просты, але напоўнены цяплом і ўтульнасцю. У яе пяцёра дзяцей – ад першакласніка-непаседы да амаль дарослага хлопца.

Кожны дзень у іх доме – гэта калейдаскоп падзей: урокі, гульні, размовы па душах. Яна паспявае ўсё – абняць, выслухаць, дапамагчы, навучыць. Яе матчына мудрасць як ніткі, якія сплятаюць разам характары дзяцей, вучаць іх дабрыні, адказнасці і ўзаемадапамозе.

Аб сакрэтах мацярынскага сэрца наша гераіня Ганна Іванаўна Бажэжа распавяла вучням першага класа Начаўскай школы падчас «Інтэрв’ю з мамай». Тут яна невыпадковы госць. Яе сын Саша – вучань класа. Ён з гонарам глядзеў на блізкага яму чалавека і нават дапамагаў адказваць на пытанні аднакласнікаў.

Дапытлівыя слухачы спыталі госцю пра многае. Рэдакцыя школьнай газеты цікавілася пра сямейныя каштоўнасці, пра тое, як далікатнай жанчыне справіцца з пяццю дзецьмі і працай па гаспадарцы, пра рукадзелле і хобі. Ганна Іванаўна цярпліва адказвала, а на грудзях горда ззяў ордэн Маці, атрыманы ёю зусім нядаўна. На пытанне «Якія пачуцці вы перажывалі, калі Вас узнагароджвалі?» яна адказала, што моцна хвалявалася. «Думаю, кожная мама вартая прызнання. Ордэн Маці – гэта ўзнагарода не толькі мне, а ўсёй нашай сям’і, кожнаму, хто верыў і дапамагаў», – сціпла дадала Ганна Іванаўна. У яе вачах няма гонару – толькі ціхая падзяка за магчымасць кахаць, тварыць і служыць.

Ганна Іванаўна нарадзілася і вырасла ў вялікім горадзе Баранавічы. Воляю лёсу апынулася ў маленькай вёсачцы Перахрэсце. Працуе ў Начаўскім дзіцячым садзе прыбіральшчыкам тэрыторыі. Але на працы цэняць яе «залатыя рукі». Ганна Іванаўна можа з простых матэрыялаў стварыць неверагодныя рэчы: ад нагляднага матэрыялу для заняткаў да творчых работ на конкурсы і выставы. «Наша чараўніца! – ацэньвае яе працу загадчыца Алена Васільеўна. – Заўсёды выручыць і зробіць нават лепш, чым задумвалася!»

Любоў да творчасці мама перадае і сваім дзецям. Малодшыя школьнікі Ліза, Соня і Саша прыгожа малююць, могуць зрабіць яркую паштоўку або выраб. А на класнай гадзіне Ганна Іванаўна зладзіла невялікі майстар-клас па вырабе сувеніраў для мам.

Але галоўнае яе прызванне – пошукавы атрад «Арыенцір». Ужо некалькі гадоў Ганна Іванаўна дапамагае шукаць людзей, якія згубіліся ў лясах і цяжкадаступных месцах. «Бывае, за дзень так стомішся, што вочы зліпаюцца. Але вось паступае апавяшчэнне аб пошуку. Унутры цябе нараджаецца нешта, рашучасць нейкая. Бо дзесьці там, у цемры, хтосьці мае патрэбу ў дапамозе. Цябе не просяць, не прымушаюць. Ты проста ўстаеш і ідзеш», –- кажа мама-валанцёр.

Ганна Іванаўна распавяла першакласнікам, што рабіць, калі згубіўся ў лесе, як паводзіць сябе ў незнаёмай мясцовасці і што зрабіць, каб бяды наогул не здарылася.

Вучні слухалі, затаіўшы дыханне. А потым пыталіся, ці падтрымліваюць дзеці валанцёрства мамы, ці не страшна ў лесе, як стаць пошукавіком.

Класны кіраўнік 1-га класа Ганна Міхайлаўна адзначыла: «Такія сустрэчы неацэнныя. Дзеці бачаць сапраўдных герояў — не ў кіно, а ў жыцці».

Ганна Іванаўна – прыклад таго, як можна сумяшчаць мацярынства, творчасць і дапамогу людзям. Яе гісторыя натхняе на добрыя ўчынкі, а яе ўзнагарода — заслужанае прызнанне.

Кацярына ШАСТАК,

карэспандэнт школьнай газеты «Новы погляд»,

Ляхавіцкі раён, Начаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *