
У гэтым годзе мы адзначаем трагічную і вельмі важную дату – 85-ю гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Час неўмольна ідзе, усё далей у гісторыю сыходзяць тыя грозныя гады. Але яны нязменна вяртаюць нас да памяці аб тых, каму мы абавязаны свабодай і незалежнасцю Радзімы, аб тых, па чыіх лёсах кованым ботам прайшлася вайна.
Для большасці з нас дзяцінства – гэта светлы і бесклапотны час: гульні, забавы і радасныя твары сяброў. Але ёсць адно пакаленне, якому не пашанцавала. Іх называюць «дзецьмі вайны». Успаміны Любові Аляксееўны Падалянчык аб дзіцячых гадах, пазбаўленыя бесклапотнасці – яны поўныя горычы і болю. Цяжка паверыць, што гэтай далікатнай і рухомай жанчыне нядаўна споўнілася 90 гадоў. За яе плячыма – неверагодна цяжкае жыццё. Любоў Аляксееўна – ветэран педагагічнай працы, больш за чвэрць стагоддзя (25 гадоў) яна ўзначальвала дзіцячы сад у горадзе Астраўцы. Сваё сэрца і веды яна аддавала дзецям, хаця ўласнае дзяцінства было жорстка перакрэслена вайной.
Дзяцінства, абпаленае вайной
Дзяцінства, пра якое жанчына магла б успамінаць з настальгіяй, вайна не пакінула ні часу, ні месца для бесклапотных гульняў і свавольстваў. Калі на малую радзіму Любові Аляксееўны – у вёску Залессе Чавускага раёна Магілёўскай вобласці – прыйшла вайна, ёй не было яшчэ і сямі гадоў. Яе даваенныя ўспаміны – гэта толькі невялікія, амаль згубленыя эпізоды.
З сям’і гераіні пасля вайны не вярнулася пяць чалавек. І дагэтуль засталося невядомым, дзе яны знайшлі свой апошні спачын. Любоў нарадзілася незадоўга да пачатку вайны. Калі ў 1943 годзе фронт наблізіўся да Магілёва, мірнае насельніцтва іх мясцовасці было эвакуіравана. Немцы загадалі вызваліць вёску Залессе.
Жах тых дзён назаўжды ўрэзаўся ў памяць. Любоў Аляксееўна ўспамінае: «Сабралі немцы ўсіх жыхароў, адабралі маладых людзей і абоз з людзьмі пагналі па дарозе. У нашай сям’і было трое дзяцей: мне – 6 гадоў, брату – 3 гады, і зусім маленькая сястрычка. З дзецьмі ехала маці і бабуля. Куды нас гналі, мы не ведалі. Днём цягнуўся абоз, а пад вечар спыняліся на начлег. Сілкаваліся тым, што змаглі ўзяць з сабой у дарогу, або тым, што ўдавалася здабыць ці папрасіць у людзей. Па расказах мамы, ехалі яны каля дзесяці дзён. Суправаджалі іх немцы, якія не цырымоніліся і абыходзіліся з людзьмі груба».
Радасная вестка і доўгая дарога дадому
«Калі пачало халадаць, адна маладая сям’я (даволі заможная, у якой яшчэ не было дзяцей) прапанавала нам пакой у сваёй хаце. І менавіта тут прыйшла тая самая доўгачаканая вестка – аб вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», – з усмешкай, нібы памаладзела на вачах, з радасцю дзялілася ўспамінамі гераіня.
Але вярнуцца адразу ў родную вёску не атрымалася. Ваенныя дарогі не адпускалі сям’ю яшчэ цэлы год. Толькі ў верасні 45-га, калі ў краіне ўжо панаваў мір, сям’я Любові Аляксееўны змагла вярнуцца ў роднае Залессе, каб пачаць новае жыццё, адбудоўваць тое, што знішчыла вайна.
Сёння, праз дзесяцігоддзі мірнага жыцця, гледзячы на гэту жанчыну, цяжка ўявіць, што ўсе гэтыя выпрабаванні выпалі на яе долю. Яна – жывы сімвал стойкасці і мужнасці. Яе жыццё – гэта напамін нам усім пра тое, якой цаной дасталася перамога, і пра тое, як важна берагчы мір.
Нізкі паклон вам, Любоў Аляксееўна, за вашу працу, за ваша сэрца, адданае дзецям, і за тое, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, вы здолелі захаваць любоў да жыцця і перадаць яе наступным пакаленням.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.
