Вучні Канюхоўскага ясляў-сада–сярэдняй школы Бераставіцкага раёна прынялі ўдзел у рэспубліканскім грамадзянска-патрыятычным праекце “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. У рамках падрыхтоўкі да конкурсу школьнікі вывучалі гісторыю, культуру і прыродную спадчыну малой радзімы, удзельнічалі ў паходах і экскурсіях.
Юныя даследчыкі ўпэўніліся ў тым, што малая радзіма авеяна таямніцамі і легендамі, славіцца сваімі землякамі і цікавымі мясцінамі. У спіс самых значымых аб’ектаў населенага пункта ўвайшлі сем: “Знакамітыя землякі”, “Школа – цэнтр адукацыйнага асяроддзя”, “Капліца Святой Ганны”, “Помнікі прыроды: камяні і валуны”, Заказнік “Гарадзенская Свіслач”, “Карысныя выкапні”, “Вада – крыніца жыцця”. Славутасці нашай малой радзімы звязаны з заслугамі ў працоўнай дзейнасці людзей, подзвігамі ў гады Вялікай Айчынай вайны, творчымі дасягненнямі, а таксама з захаваннем духоўнай спадчыны і скарбаў прыроды. У выніку даследчай дзейнасці быў створаны стэнд “Сем цудаў малой радзімы”.
Дзякуючы крапатлівай рабоце вучні сабралі цікавыя звесткі і апісалі найбольш значныя аб’екты і падзеі гісторыі, культуры і прыроды сваёй мясцовасці, прадаставілі іх фотаздымкі. Даследчая работа дазволіла засяродзіць увагу на аднаўленні і захаванні ўнікальных аб’ектаў. Юныя даследчыкі выказалі любоў да сваёй малой радзімы жаданнем вывучаць, берагчы і прымнажаць яе багацце.
Таццяна Пятроўна ДАНІЛОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў.
Бераставіцкі раён,
Канюхоўскі яслі-сад–сярэдняя школа.