Кожны раз з вялікай радасцю, чаканнем нечага новага і цікавага сустракаю першакласнікаў на парозе школы. Для ўсіх гэта час хвалявання, новых выпрабаванняў, творчых ідэй, час адкрыцця, магчымасцей і здольнасцей. Але гэта таксама адказны час, калі ставіш перад сабою мэту згуртавання калектыву дзетак, якія ўпершыню селі за школьныя парты, і нават упершыню ўбачылі адзін аднаго. Задача настаўніка ў дадзеным накірунку выхаваць кожнага і цалкам усіх. Працэс уключэння вучня ў сістэму калектыўных адносін вельмі складаны. Кожная асоба адрозніваецца адна ад другой знешнім выглядам, рысамі характару, ступенню зносін, ведамі, уменнямі, рэлігіяй, якой прытрымліваецца сям’я. І вось тут настаўніку патрэбна арганізаваць сваю дзейнасць так, каб вывучыць асаблівасці кожнага дзіцяці, і кожнага ўключыць у актыўную выхаваўчую дзейнасць.
Для выхавання неабходна разнастайная сумесная дзейнасць. Без яе няма развіцця здольнасцей, няма развіцця асобы, не ўтвараецца сапраўдны калектыў. Мая задача заключаецца ў тым, каб уключыць вучняў у сумесную дзейнасць.Каб бачыць кожную асобу, яе развіццё, стаўленне.
У пачатку навучальнага года ўзнікла ідэя стварыць клуб пад назвай «Суперпершакласнік». Мэта клуба: садзейнічанне ўсебаковаму развіццю асобы, развіццю творчай актыўнасці, фарміраванне прафесійнай арыентацыі, адэкватных камунікатыўных паводзін. Такую працу патрэбна пачынаць іменна ў першым класе, калі толькі фарміруецца ў вучня ўласнае «Я». Праграма заняткаў змяшчае пяць накірункаў: агульнаінтэлектуальны, сацыяльны, агульнакультурны, духоўна – маральны, спартыўна – аздараўленчы. У кожным накірунку праграма рэалізуецца праз ролявыя гульні, экскурсіі, выяўленчую дзейнасць, спаборніцтвы, разбор праблемных сітуацый, чытанне і абмеркаванне літаратуры. Так маім першакласнікам падабаецца занятак майстэрня «Самаробкіна». Дзеці займаюцца выкананнем падарункаў не толькі да свят, але і падарункаў адзін аднаму. З задавальненнем абменьваюцца падарункамі, жадаюць самага найлепшага сябрам. Цікава і займальна праходзіць «Дзень казак»: чытаецца казка, размяркоўваюцца ролі, інсцэніруецца казка. Вучні ўдзельнічаюць у віктарынах і ілюструюць казкі. Запланаваны ўдзел бацькоў у рабоце клуба: сумесныя інтэлектуальныя гульні, складанне «Дрэва сям’і».
Шмат цікавага і займальнага яшчэ плануецца правесці з першакласнікамі за навучальны год. Я лічу, што рабятам не толькі цікава, але і карысна праводзіць час у клубе. Дзеці вучацца вырашаць праблемы і прымаць рашэнні, кантралююць свае паводзіны ў розных жыццёвых сітуацыіях, вучацца працаваць разам і сябраваць. А для мяне гэта магчымасць назіраць за кожным, дапамагаць кожнаму і ўсім разам. Галоўнае, што я бачу, як расце і развіваецца вучань, і як з маленькага “зярняці прарастае вялікі моцны колас”.
Святлана Вацлаваўна ДЗЕМІДЗЕНКАВА,
настаўніца пачатковых класаў.
Дзятлаўскі раён,
Казлоўшчынская школа.