Зіма для птушак – самы цяжкі час года: шмат гіне ад холаду і голаду. У выхаванцаў Пархімаўскага ясляў-сада–базавай школы ёсць добрая традыцыя: правядзенне акцыі «Пакарміце птушак зімой».
Мэта акцыі – дапамагчы зімуючым птушкам перажыць халодны перыяд, прыцягнуць увагу дзяцей і бацькоў да лёсу птушак-сяброў, каб палегчыць ім перыяд зімоўкі. Такая праца – магчымасць праявіць спачуванне і дабрыню. Дзеці праз гутаркі, пазнавальныя заняткі і назіранні даведваюцца аб розных відах птушак сваёй мясцовасці, пазнаюць характэрныя асаблівасці знешняга выгляду, паводзін. Вучацца клапаціцца пра птушак, адчуваюць радасць ад усведамлення таго, што пакарміўшы птушак, можна выратаваць іх ад згубы.
У рамках рэалізацыі акцыі бацькі разам з дзецьмі вырабілі з непрыдатнага матэрыялу кармушкі. Фантазіі не было межаў! Усе кармушкі атрымаліся арыгінальнымі і прыгожымі. І галоўнае – зробленыя з душой і цяплом.
Гэтыя кармушкі былі развешаныя насупраць вокнаў групы. І кожны дзень дзеці з захапленнем назіраюць з акна або на прагулцы, як птушкі прылятаюць у нашу «птушыную сталовую». Колькі радасці і пяшчоты можна пачуць у шчаслівых галасах:
– Глядзіце, сінічкі прыляцелі!
– Якія яны маленькія прыгажуні!
– А вось верабейчык!
Прыемна, што ў кожнага ёсць жаданне дапамагчы зімуючым птушкам.
Вольга Генадзьеўна ЭЛЬЯШЭВІЧ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці.
Бераставіцкі раён,
Пархімаўскі яслі-сад–базавая школа.