Напярэдадні навагодніх святаў ратавальнікі заўсёды імкнуцца прыняць удзел у дабрачынных мерапрыемствах, каб ажыццявіць жаданні тых, хто ў іх верыць і вельмі чакае. Так, у рамках дабрачыннага марафону «Нашы дзеці», а таксама акцыі МНС «Бяспечны Новы год!» Дзед Мароз-ратавальнік пабываў у гасцях у навучэнцаў Пятрэвіцкага дзіцячага саду–сярэдняй школы.
Урок АБЖ для хлапчукоў і дзяўчынак правёў Дзед Мароз-ратавальнік, а яны здзівілі яго навагоднімі вершамі. Рабяты з задавальненнем прадэманстравалі казачнаму герою, што яны ведаюць, што такое добра і што такое дрэнна ў пытаннях бяспекі, з гонарам вытрымалі строгі экзамен, адказаўшы на пытанні бліц-віктарыны.
Ратавальнікі правялі тэматычны занятак, дзе ў цікавай і даступнай форме расказалі дзецям пра небяспекі выкарыстання піратэхнічных вырабаў, выхаду на лёд, нагадалі алгарытм дзеянняў у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі. Скончылася мерапрыемства праглядам фільма з серыі «Азбука бяспекі».
На развітанне дзеці паабяцалі памятаць аб саветах ад Дзядулі Мароза-выратавальніка, заўсёды выконваць правілы бяспекі і запрасілі прыязджаць часцей. Госці павіншавалі дзяцей і дарослых з надыходзячым Новым годам, пажадалі выканання ўсіх жаданняў і падарылі падарункі.
Юля СЫЦЕВІЧ, вучаніца 11-га класа.
Навагрудскі раён, Пятрэвіцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа.