Зоркі побач

Новости

Развітанне з 2020 годам у мінскай школе № 63 прайшло з натхненнем. З прычыны клопату пра здароўе дзяцей доўгі час у шматлікіх адукацыйных установах былі забаронены культурныя мерапрыемствы. Але мы не разгубіліся і паразважалі, як для нашых любімых вучняў не спыніць знаёмства з культурай. У абставінах прафілактыкі захворванняў класам нельга наведваць канцэрты, запрашаць спевакоў. Вырашылі  шукаць творчых людзей побач з намі. Шукаць сярод тых, каго вучні бачаць кожны дзень. Так нарадзілася ідэя зрабіць цэлы праект пад назвай «Зоркі побач».

Першы, вельмі ўтульны творчы падарунак прынесла першакласнікам беларуская аўтар-выканаўца Анастасія Хазанава, матуля вучняў школы. Не сакрэт, што выступ для дарослых і для дзяцей – розныя па сваёй сутнасці. Сучасным маленькім слухачам куды больш цяжка трымаць увагу доўгі час: трэба не толькі зацікавіць, але і дагрукацца да іх сусвету, іх душы. У звычайным утульным класе пачатковай школы Анастасія не толькі здолела зрабіць гэта, але і прымусіла танчыць і спяваць разам з ёй прысутных.

Пасля такога поспеху на наступным тыдні адбылася вячорка, на якой выступіла майстар беларускай народнай творчасці, а па сумяшчальніцтву настаўніца музыкі Анастасія Шык. Шчырасць і ўтульнасць была і ў песнях для дзетак, і ў гульнях разам з імі.

Трэці канцэрт «Маленькая аперэта» дала ўладальніца цудоўнага вакалу выхавальнік групы падоўжанага дня Аксана Сцяпанава. Слухачы-пачаткоўцы былі зачараваныя і ўдзячныя, нават пусціліся павальсаваць!

І апошні тыдзень прынес музычную казку пра дабро і зло ў выкананні выхавацеля групы падоўжанага дня Таццяны і Яўгена Мядзьведскіх. Сюжэт казкі быў насычаны як радаснымі здарэннямі, так і мінутамі смутку. Усе яны перадаваліся не толькі расповедам і дэманстрацыяй герояў-лялек, але і жывой музыкай.

Выхаванцы школы атрымалі вопыт наведвання канцэртаў не пакідаючы класа, пазнаёміліся з жанрамі ад народных гульняў да аперэты.

А яшчэ вучні і настаўнікі цяпер ведаюць, што таленавітыя людзі-зоркі побач з намі кожны дзень і вельмі радыя гэтаму!

Таццяна МЯДЗЬВЕДСКАЯ,

выхавальнік групы падоўжанага дня.

г. Мінск, школа № 63.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *