Штогод 21 лютага святкуецца Міжнародны дзень роднай мовы. Cёння у свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе. Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе — павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак.
У Шчорсаўскім дзіцячым садзе — сярэдней школе прайшла прысвечаная гэтай даце акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску”, у ходзе якой вучні стараліся досыць актыўна і граматна выкарыстоўваць прыгажосць роднага слова ў зносінах, а таксама правялі конкурс агітплакатаў і малюнкаў на тэму захавання і развіцця беларускай мовы ў жыцці грамадства. Стараліся ўсе, аднак бескампраміснае журы выявіла лепшых. Сярод іх – работы вучняў 4 і 5 класа. Адзначалася праяўленае старанне вучняў 6 і 10 класаў.
Сорак сем вучняў 4 – 11 класаў традыцыйна напісалі дыктоўку па беларускай мове, многія з задавальненнем прынялі ўдзел ў рэспубліканскім конкурсе па беларускай мове і літаратуры “Буслік”.
У школьнай бібліятэцы была арганізавана кніжная выстаўка, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, Івана Мележа, 125-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы. Дарэчы, некаторыя вучні пасля азнакамлення з ёй выказалі жаданне паўдзельнічаць у раённым этапе абласнога конкурсу буктрэйлераў “Чытаем беларускіх класікаў”.
Мікалай АНТОНЧЫК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Шчорсаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна.