Вучні Раклевіцкага дзіцячага сада–базавай школы заўзятыя падарожнікі. За іх плячамі ўжо не адзін наведаны куточак роднай Беларусі, не адна сотня кіламетраў і безліч пазітыўных эмоцый.
У чарговую суботу вучні ўзялі курс на падарожжа і адправіліся ў Ліду. Першы прыпынак – Курган Славы. Экскурсанты пазнаёміліся з буйным мемарыялам, выкананым ў форме пяціграннай піраміды, вышынёй 7 метраў. Даведаліся, што ў падмурак кургана ўманціравалі капсулу, вакол якой пачалі засыпаць свяшчэнную зямлю, прывезеную дэлегацыямі з усіх гарадоў-герояў Савецкага Саюза. У 1973 годзе курган дапоўнілі пілонамі, вышыня якіх складае 14 метраў. Унікальнасць дадзеных пілонаў заключаецца ў тым, што яны нахілены пад вуглом 76°. Другім прыпынкам стаў помнік лётчыкам-авіятарам, самалёт Су-25, трэцім – Лядовы палац. Рабяты з карысцю правялі час на каньках.
Субота праляцела як адно імгненне, але стомы не адчувалася. Хлопчыкі і дзяўчаты ўпэўнены, што субота – час адпачынку і падарожжаў!
Марына Міхайлаўна НЕЧАЙ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
Дзятлаўскі раён, Раклевіцкі дзіцячы сад–базавая школа.