Кожны год у рамках Рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу» настаўнікі і вучні школы актыўна прымаюць удзел у пасадцы лесу. Гэты год не стаў выключэннем.
Прырода з самага дзяцінства вабіць людзей. Лес зачароўвае сваёй прыгажосцю. Адчуваеш яго водар, і ўсёй душой прыкіпаеш да яго аколіц. Лес – гэта музыка зямлі, наш агульны здабытак. Абавязак кожнага – берагчы гэтае багацце. У лесе адпачываеш душой. Але працуючы на свежым паветры, можна зрабіць і добрую справу – напоўніць лес дрэўцамі.
Таму і ўзяліся вучні і настаўнікі з энтузіязмам за работу, каб зберагчы лёгкія планеты. Лясніцтва вызначыла для лесапасадкі ўчастак, дало пасадачны матэрыял, прылады працы. Работнікі лясгаса падрабязна правялі інструктаж па пасадцы лесу, данеслі да нас пазнавальную інфармацыю, што каб вырас паўнавартасны лес, патрэбна 60–65 гадоў. А затым надзялілі саджанцамі, якія вырасцілі ў пітомніках. На расчышчанай ад старога лесу плошчы мы прыступілі да пасадкі лесу. Пройдзе час, і закрасуюць пасаджаныя елкі, сосны, дубы, бярозы.
Кожны саджанец патрабуе беражлівых адносін да сябе. Вучні з гонарам заўважалі: «Вось тут, каля кальцавой дарогі, будзе расці і маё дрэўца – падарунак будучым пакаленням».
Такія мерапрыемствы вучаць беражліва адносіцца да экалогіі, да захавання лесу – нацыянальнага багацця краіны. Бо кожнаму хочацца дыхаць свежым паветрам, наведваць чысты лес.
Дык давайце ж берагчы лес і клапаціцца пра яго!
Зоя Уладзіміраўна БЕЛУШ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
г. Навагрудак, школа № 3.