Сёлета спаўняецца 80 гадоў страшнай даце ў гісторыі беларускага народа – пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Ахвярамі яе сталі не толькі воіны і партызаны, але і мірныя жыхары.
Пра расстраляную сям’ю Куланоў у нашай вёсцы ведаюць і старыя, і малыя. Не зарастае сцяжынка да ўрочышча Ляпеха, дзе некалі жыла вялікая сям’я. Карнікі знішчылі яе. На месцы расстрэлу стаіць помнік, каля якога ў гэты цёплы вясенні дзень сабраліся члены вучнёўскага самакіравання, піянеры-актывісты, прадстаўнікі Беларускага саюза жанчын, каб аддаць дань памяці загінуўшай ні ў чым непавіннай сям’і. Некалі тут, на хутары, стаяла хата, квітнеў сад, разносіўся дзіцячы смех, спявалі птушкі, радуючыся новаму дню. Мы пастараліся хоць у нечым вярнуць тую атмасфету на гэты кавалачак зямлі. Пасадзілі кусты, якія ў хуткім часе расквітнеюць і паклічуць да сябе рупных пчол, непадалёку прымацавалі шпакоўню, у якой, мы ўпэўнены, знойдзе сабе прытулак птушыная сям’я.
«Ніхто не забыты, нішто не забыта…» . Менавіта пад такім дэвізам прайшла акцыя «Аднаўленне святынь Беларусі». Дырэктар школы Святлана Уладзіміраўна Перашчук у сваім звароце да вучняў яшчэ раз звярнулася да трагедыі, прызвала іх цаніць мір і спакой на зямлі, абавязкова памятаць пра тых, хто застаўся на той вайне назаўсёды…
Пакідаючы ўрочышча Ляпеха, кожны думаў аб сваім. Але нечаканы птушыны свіст заставіў усіх азірнуцца: шпакоўня прыняла першых жыхароў! Жыццё прадаўжаецца, а памяць павінна быць вечнай…
Юлія Анатольеўна ВАЎЧОК,
педагог-арганізатар.
Ганцавіцкі раён, Хатынічкая школа.