Як працуе друкарня

Из нашей почты Новости

У рамках рэгіянальнага праекта «#Эканоміка. Асоба. Будучыня» навучэнцы 8-га класа «Б» вырашылі ўласна пазнаёміцца з дзейнасцю Лідскай друкарні.

Нашым экскурсаводам стаў Мікалай Мікалаевіч Пякарскі, звярнуўшы нашу увагу на тое, што будынак друкарні уключаны ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

У брашуровачным цэху хлопчыкі і дзяўчынкі з захапленнем разглядалі швейную машыну, брашуратар. Тут ім расказалі і паказалі, як праходзіць праца над выдавецтвам кнігі “Праваслаўныя храмы Лідчыны: гісторыя і сучаснасць”.

Затым даведаліся пра спецыфіку працы аператара электроннага набору і вёрсткі. Убачылі, як з вялікіх рулонаў паперы наразаюць лісты патрэбнага фармату. І ўсё ж школьнікам не цярпелася паглядзець самы важны працэс – друкаванне газет. У цэх праходзілі групамі. Шум, пах друкарскай фарбы – праца кіпела! І вось на канвееры новенькія асобнікі «Перамогі» (у гэты час ішло друкаванне дзятлаўскай раённай газеты).

Было вельмі шумна. «Як цяжка тут працаваць…», – перагаворваліся уражаныя школьнікі. Цяпер яны атрымалі уяўленне, як нараджаюцца газеты і кнігі.

Адказваючы на пытанні, Мікалай Мікалаевіч расказаў, што друкуюцца не толькі газеты і кнігі, але і брашуры, буклеты, граматы, дыпломы, налепкі, этыкеткі, календары і інш. Сёння ў друкарні працуюць 15 чалавек, гэта людзі розных прафесій: друкар, аператары электроннага набору і вёрсткі, фальцоўшчык і іншыя. Пачулі вучні і інфармацыю, дзе сёння можна атрымаць спецыяльнасці, каб у будучым мець магчымасць працаваць ў друкарні.

Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,

класны кіраўнік 8-га класа «Б».

г. Ліда, школа № 11.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *