Каб гасцям было ўтульна

Из нашей почты Новости

Даўняй традыцыяй ў Начаўскай школе з’яўляецца работа па добраўпарадкаванні былой сядзібы Чарноцкіх. Гэты ўнікальны палаца-паркавы ансамбль захаваўся ў аграгарадку Нача з 1810-1815 гг.

Прадстаўнікі роду Чарноцкіх былі сапраўднымі патрыётамі сваёй радзімы. Яны захапляліся зборам беларускага фальклору, часта запрашалі да сябе ў госці знакамітага этнографа і фалькларыста Міхала Федароўскага, разам з якім слухалі народныя песні ў выкананні мясцовых сялян. А Напалеон Чарноцкі ў 1928 годзе нават выдаў артыкул «Батлейка з ваколіц Начы», дзе распавёў пра свае дзіцячыя гады і апісаў беларускую батлейку.

Да сённяшніх дзён сядзіба захавалася ў даволі добрым становішчы. Асабліва ўражвае панскі парк, які спалучае ў сабе сонечныя палянкі і дрэвы-веліканы, каменны столік і «камень кахання», памятныя валуны і альтанкі. Канешне, і парк, і сядзіба патрабуюць гаспадарчага догляду.

Разам з прадстаўнікамі мясцовага ДП «Нача» школьны калектыў штогод шчыруе на гэтай тэрыторыі. У чэрвені ў рамках другаснай занятасці васьмікласнікі ачышчалі асфальтавыя дарожкі, зграбалі скошаную траву, збіралі ламачча і смецце ў панскай сядзібе. Стараліся зрабіць сваю работу адказна і шчыра, каб наведвальнікам і гасцям сядзібы было прыемна і ўтульна. Кожны дзень сюды прыходзяць людзі, каб адпачыць у засені векавых дрэў, паслухаць залівістыя спевы птушак і падыхаць чыстым паветрам. А яшчэ – каб не забыць культурную спадчыну, якая сведчыць аб непаўторным каларыце беларускага народа.

Ганна Міхайлаўна ПАДГУРСКАЯ,

настаўнік.

Ляхавіцкі раён,

Начаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *