Нататкі падарожніка

Из нашей почты Новости

Лета – час адпачынку і падарожжаў. Хтосьці імкнецца адправіцца ў падарожжа за мяжу, можа нават не разумеючы, колькі цікавага, прыгожага і такога роднага зусім блізка, амаль побач. Каб пераканацца ў гэтым мы, вучні і настаўнікі школы № 3 г. Навагрудка, адправіліся ў паездку ў суседняе Іўе.

Здаецца – маленькі раённы цэнтр, а на самай справе – горад з багатай гісторыяй. Як толькі не называюць Іўе: сталіца беларускіх татар, «маленькі Іерусалім», «беларускі Вавілон» і г. д.

Першае, што мы наведалі па прыездзе – музей нацыянальных культур. Уразілі нас не толькі экспанаты залаў, але і тыя апантаныя людзі, якія працуюць у музеі. Экспазіцыя першай залы «З гісторыі карэннага насельніцтва Іўеўшчыны» распавядае аб старэйшых пасяленнях на Іўеўскай зямлі, сярэдневякоўі, з яго замкамі і легендамі, праваслаўнай і рымска – каталіцкай цэрквах, народнай культуры карэннага насельніцтва Іўеўшчыны. Тут мы не толькі атрымалі цікавую інфармацыю, убачылі аўтэнтычныя прадметы, але і пагулялі ў гульні, якія ладзіліся пад час народных святаў: качанне яйка, гаданне на суджанага і інш. Экспазіцыя наступнай залы «Беларускія татары» знаёміць з гісторыяй з’яўлення татар на беларускіх землях, з рэлігіяй, іх бытам, святамі. У цэнтры – мініяцюрная копія Іўеўскай мячэці, якая бесперапынна працуе з моманту свайго адкрыцця ў 1884 годзе. У гэтай зале мы не толькі змаглі паслухаць цікавыя гісторыі і паглядзець экспанаты. Нашы вучні сталі непасрэднымі ўдзельнікамі вядзення экскурсіі, выканаўшы ролі Вітаўта, Тахтамыша, Цімура, апрануўшы адзенне часоў гэтых знакамітых людзей. Экспазіцыя трэцяй залы «Беларускія яўрэі» зацікавіла нас шырока раскрытай тэмай рэлігіі, яўрэйскага быта, традыцый і нацыянальных святаў. Аб страшных падзеях Халакосту на тэрыторыі Іўеўшчыны расказваюць унікальныя фотаздымкі, рукапісы, Кніга Памяці.

Наступны пункт нашага падарожжа па гораду – цэнтральная плошча, а менавіта – помнік чатырох канфесій, якія сотні гадоў жылі тут у міры і згодзе: каталіцызм, праваслаўе, іудаізм і мусульманства. Чатыры аркі глядзяць у бок храма або малітвеннага дома пэўнай рэлігіі або канфесіі.

Ёсць у цэнтры Іўя яшчэ адзін адметны аб’ект. Гэта так назаваемае «залатое кола Іўеўшчыны». З 14 камянёў вылажаны спецыяльны круг, які сімвалізуе 14 значымых дат яго гісторыі.

Многія турысты называюць Іўе «беларускім Рыа». Яны лічаць, што статуя Хрыста, устаноўленая каля велічнага Іўеўскага касцёла св. Пятра і Паўла, з’яўляецца паменшанай копіяй знакамітай статуі Хрыста Спасіцеля ў Бразіліі.

На зваротным шляху пабачылі самую старую мячэць у Беларусі. У савецкі час яна заставалася адзінай дзеючай мячэццю і тут нават быў свой імам.

Вось і завяршылася наша маленькае падарожжа. А ўсім, хто яшчэ не вызначыўся, куды можна адправіцца ў час адпачынку, мы кажам: «З’ездзіце на Іўеўшчыну. Вам спадабаецца».

Валянцiна Пятроўна ГУЗОЎСКАЯ,

настаўнiк матэматыкi.

г. Навагрудак, школа № 3.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *