Шчасце жыть у роднай краіне!

Из нашей почты Новости

Мяне завуць Івона. У гэтым годзе скончыла школу і паступіла ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. У маёй роднай краіне перада мной адкрыты ўсе дзверы. Мару пасля заканчэння ўніверсітэта вярнуцца на сваю малую радзіму.

Вельмі люблю свой родны край, вельмі люблю нашу Беларусь. Мой родны край – гэта край лясоў і дуброў, рэк і азёраў, прасторных палёў і лугоў, адкрытых цёпламу сонцу. Прыгажосць роднага куточка ў мяккіх пералівах ранішняга неба, у насычаным паветры бяскрайняга сасновага бору, у развітальным крыку буслоў. Вельмі часта думаю аб тым, што чалавек па сваёй сутнасці падобны на птушку. Кожны год іх, птушак, гоніць холад і голад зімой у вырай. Як бы добра там ні было, аднак там, на чужбіне, не ўюць яны сабе гнёздаў, не выседжваюць птушанят, а вяртаюцца на сваю родную зямлю.

Мой Мастоўскі край дзіўнай прыгажосці! Люблю бясконца доўга з захапленнем глядзець на хвалі Нёмана і Зяльвянкі, слухаць шэпт дубровы, блукаць па навакольных лугах  і палях! Мая хата стаіць каля рэчкі. З аднаго боку – лес, з другога – луг, недалёка – крыніца. Уявіце: як прыемна намокнуць пад грыбным дажджом, а пасля ўбачыць рознакаляровую вясёлку на паўнеба і адначасова ўдыхнуць водар лясных і палявых кветак, якія выпесціла маці-зямелька! А як спаталяе смагу вада са сцюдзёнай крыніцы, якая прытаілася над аксамітам густых лугавых траў!

Мая родная краіна, мой родны куточак, дзякуй за тое, што я адчуваю ласку і пяшчоту сваёй матулі, цеплыню сонечных праменьчыкаў, подых лагоднага ветрыка, клопат блізкіх мне людзей. Я, як і ўсё жывое: лісты, кветкі, дрэвы – цягнуся да сонца. А імкненне да сонца – гэта імкненне да сваёй  мары, жаданне яе здзейсніць. Здзейсніць на маёй роднай зямельцы. Я стваральнік свайго шчасця, я мастак, які фарбуе свет сваімі фарбамі! Рознакаляровымі фарбамі ў роднай краіне! Так, менавіта нарадзіцца, жыць і тварыць у краіне, якая месціцца ў самым цэнтры Еўропы з паэтычнай назвай Белая Русь, – хіба ж не ёсць сапраўднае шчасце?

Івона КАНТАР,

выпускніца.

Мостовский район.

Песковский детский сад–средняя школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *