Ужо не першы год наша школа працуе над рэалізацыяй рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара».У школе створаны кабінет духоўна-маральнай асветы, які заўсёды адкрыты для выхаванцаў, іх бацькоў і педагогаў. Сумесна з настаяцелем Пескаўскай праваслаўнай царквы Мікалая Цудатворца, айцом Віктарам, аформлены інфармацыйны стэнд «Храм маёй душы».
Шырокае распаўсюджванне ва ўстанове адукацыі атрымалі ўрокі духоўнасці з удзелам святара.
Таксама функцыянуе валанцёрскі атрад «Рука дапамогі». Яго сябры – актыўныя ўдзельнікі акцый «Чараўніцтва на Каляды», «Дарогай дабра», «Дарога да храма», «Клопат», «Міласэрнасць», «Нашы дзеці». Кожны раз непаўторна праходзяць дабрачынныя кірмашы, а на грошы, сабраныя на іх, купляюцца падарункі дзецям з прытулкаў і малазабяспечаных сем’яў, хворым і адзінокім людзям. Валанцёры адчуваюць шчырую радасць ад магчымасці падтрымаць тых, хто аказаўся ў няпростай жыццёвай сітуацыі. У рамках супрацоўніцтва школы з царквой традыцыйным стаў удзел навучэнцаў у добраўпарадкаванні гістарычных і культурных помнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі аграгарадка Пескі. Членамі творчай групы школы сумесна з айцом Віктарам распрацаваны экскурсійныя маршруты «Храмы роднага краю». У гэтым годзе разам з айцом Віктарам наведалі Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, Мікольскую царкву ў Гродне. Значнай культурнай падзеяй і для вучняў, і для іх бацькоў з’явілася паездка ў музейна-замкавы комплекс «Мірскі замак». Гэтым летам праводзіўся турыстычны паход «Ад помніка да помніка». Выхаванне духоўна багатай асобы – гэта працяглы і складаны працэс, які доўжыцца гадамі, а бывае і ўсё жыццё. Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што ва ўзаемастасунках выхаванцаў назіраецца пазітыўная дынаміка: яны праяўляюць міласэрнасць і спагаду, падтрымліваюць адно аднаго. Відавочна, што ўзаемадзеянне школы, царквы і сям’і дабратворна ўплывае на станаўленне падлеткаў, дазваляе пашырыць іх кругагляд, садзейнічае фарміраванню імкнення дапамагаць людзям і прыносіць карысць грамадству.
Галіна Іосіфаўна ГАЛАВЕНКА,
класны кіраўнік 8-га класа.
Мастоўскі раён.
Пескаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа.