Знаёмства з прафесіямі

Из нашей почты Новости

     

Як настаўніца пачатковых класаў, разумею, што мае выхаванцы – гэта наша будучыня. Я лічу, што моладзь сёння – самая актыўная частка нашага грамадства са сваім светапоглядам, імкненнем зрабіць свет лепшым. Усё добрае, што робіць чалавек, ён робіць у імя будучыні. Сучаснай  моладзі належыць заўтрашні дзень, ёй трэба будзе прымнажаць эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял Беларусі, захоўваць унікальную гісторыка-культурную спадчыну, клапаціцца аб росквіце краіны.

А як мае выхаванцы сёння могуць паўплываць на лёс краіны? Дзеці могуць добра вучыцца, дапамагаць сваім бацькам і састарэлым людзям, любіць родную прыроду, спрабаваць выбраць сваю будучую прафесію. Зрабіць правільны выбар – складаны і адказны крок у жыцці, бо ад гэтага залежыць далейшы лёс чалавека. А вось пазнаёміцца з прафесіямі нам дапамагае экскурсійная дзейнасць.

Работа настаўніка не заканчваецца 31 мая. Мы сустракаемся з дзецьмі падчас работы аздараўленчага лагера, экскурсій, паходаў па родных мясцінах. І жнівень 2021 года таксама не стаў выключэннем.

План нашых экскурсій быў складзены так, каб з дзецьмі мы змаглі пазнаёміцца з некаторымі прафесіямі.

У жніўні вучні 2-га класа наведалі Цэнтр бяспекі ў горадзе Ліда. Цэнтр працуе па такіх накірунках, як пажарная бяспека, гігіена, здаровы лад жыцця, аказанне першай дапамогі, бяспека пры выкарыстанні газавага абсталявання, экалагічная бяспека і іншыя. Навучальныя стэнды і трэнажоры ў даступнай форме дапамагаюць дзецям атрымаць неабходную інфармацыю і праверыць свае веды на практыцы. Менавіта ў цэнтры дзеці вучыліся авалодваць навыкамі бяспечных паводзін у крытычных сітуацыях, якія могуць адбыцца дома і на вуліцы, вучыліся парадку дзеянняў і асноўным спосабам абароны, прыёмам аказання першай медыцынскай дапамогі. У спецыяльна ўстаноўленых кабінках былі паказаны розныя сітуацыі, якія могуць адбыцца ў паўсядзённым жыцці. Вучні практычна даводзілі да аўтаматызму алгарытм выкліку падраздзяленняў МНС, а таксама вучыліся апісваць сітуацыю, відавочцам якой яны сталі. Экскурсанты таксама адпрацоўвалі і навыкі тушэння невялікіх пажараў пры дапамозе вогнетушыцеля, стваралі мадэлі чатырох сітуацый у двух месцах — у школе і дома.

Наведванне цэнтра ўзбагаціла ведамі і навыкамі маіх выхаванцаў, а таксама пазнаёміла з вельмі важнай прафесіяй  выратавальніка.

У час летніх канікул мы накіраваліся на ферму ў вёсцы Ладзенікі. Вольга Уладзіміраўна, загадчыца фермы, паведаміла дзецям, як трэба клапаціцца аб тым, каб каровы былі своечасова пакормлены, падоены, каб у іх заўсёды было чыста. На ферме ёсць ветэрынарны доктар, які лечыць кароў, калі яны захварэюць. За ўсім абсталяваннем сочыць інжынер – механік.

Далей дзеці накіраваліся ў даільную залу. Загадчыца пазнаёміла іх з даільнай устаноўкай. Затым экскурсанты назіралі, як каровы заходзяць і становяцца ў кабінкі для даення. Ад даільнага апарата па тонкіх трубачках малако ідзе ў тоўстыя трубы, а потым – у вялікі халадзільнік. Загадчыца фермы правяла ўсіх у памяшканне, дзе стаіць вялікі халадзільнік. У наступным пакоі знаходзіўся камп’ютар, які лічыць, колькі літраў малака дае кожная карова за дзень. Вольга Уладзіміраўна  расказала і паказала, што для працаўнікоў фермы ёсць душавы пакой і пакой для адпачынку. Затым накіраваліся ў другое памяшканне – кароўнік, дзе каровы харчуюцца і адпачываюць. Прысутныя назіралі, як з дапамогай трактара раздаюць корм, прыбіраюць навоз, падсцілаюць, каб у каровак было заўсёды суха і чыста.

Але самае цікавае чакала дзяцей наперадзе. Нам паказалі маленькіх цялятак. Колькі радасці і задавальнення было! Мы іх гладзілі па галовах, кармілі з рук сенам. А цяляткі лізалі нам рукі і цягнуліся да нас сваімі пыскамі.

Вось так мы пазнаёміліся яшчэ з прафесіяй даяркі, трактарыста, ветэрынара, інжынера-механіка.

Пасля мы адправіліся ў вёску Даўгінава Карэліцкага раёна на першую ў Беларусі прыватную смаўжовую ферму. Нас чакала цікавая сустрэча з Дзмітрыем і Вікторыяй Смірновымі. Тры гады таму, пераехаўшы з Данецкай вобласці ў Карэліцкі раён, муж і жонка купілі вясковы дом і, як абвяшчае сямейная легенда, слімак, які прапаўзаў паблізу, сам падказаў бізнес-ідэю.

«Тут, вядома, не буйнарагатая жывёла, але ферма сапраўдная, і клопатаў статак слімакоў дастаўляе не менш – іх тут вісіць амаль 3 тоны. Усё дакладна па раскладзе. А яшчэ малюскаў трэба хаваць ад спякоты і паліваць. Дыета беларускіх малюскаў збалансаваная і насычаная мінераламі. Нягледзячы на памер, яны, аказваецца, пражэрлівыя», – расказаў гаспадар смаўжовай фермы Уладзімір.

Так мы з дзецьмі даведаліся яшчэ пра адну прафесію смаўжаведа.

Падчас экскурсій дзеці засталіся вельмі задаволеныя. Яны пашырылі свае веды аб розных прафесіях.

Падрастай, маладое пакаленне! І няхай ваша праца зробіць нашу любімую краіну яшчэ прыгажэйшай! А мы, вашы старэйшыя сябры, будзем заўсёды побач.

Жана Яўгеньяўна БЯЛЬЧЫЦКАЯ,

класны кіраўнік 2-га класа «А».

г. Навагрудак, школа № 3.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *