4-5 верасня 2021 года ў г. Капыль Мінскай вобласці пройдзе XXVIII Дзень беларускага пісьменства. У канцэпцыю свята цяперашняга года закладзена асноўная тэма «Год народнага адзінства», у адпаведнасці з якой будзе выбудоўвацца праграма мерапрыемстваў, уключаючы цырымоніі ўрачыстага адкрыцця, закрыцця, функцыянаванне пляцовак.
Традыцыйна ў рамках свята Міністэрствам інфармацыі будзе арганізавана праца Фестывалю кнігі і прэсы, які ўключае пяць тэматычных павільёнаў: «Адзінства», «Памяць», «Традыцыі і сучаснасць», «Слова пісьменніка», «Разам з кнігай мы расцём».
У тэматычным павільёне «Разам з кнігай мы расцём» удзельнікаў свята чакаюць тэатралізаваныя паказы, майстар-класы, конкурсы, прэзентацыі, магчымасць атрымаць аўтограф у папулярнага дзіцячага аўтара, а таксама выстаўка-продаж дзіцячых і юнацкіх кніг беларускіх выдавецтваў.
Сустракаць гасцей будзе аніматар ў касцюме мядзведзя, які з’яўляецца героем кніг Міхаіла Дзеравянка з серыі «Мішуткіны казкі».
Пачнецца праца павільёна 5 верасня 2021 года ў 10.00 з прэзентацыі кніг з элементамі тэатралізаванага прадстаўлення «Бася і яе чароўны свет» Надзеі Букі і «У гасцях у кніжнай феі» Ганны Свечнікавай.
Прайсці квэст «Гуляй ўжывую!» па кнігах Кацярыны Хадасевіч-Лісавой разам з аўтарам, якая паўстане ў некалькіх казачных вобразах можна будзе ў 11.00.
Госці і ўдзельнікі свята змогуць навучыцца афармляць ісландскія заварныя пірожныя, а таксама даведацца шмат цікавага пра загадкавую Ісландыю на майстар-класе «Дзень пірожных» аўтара кнігі «Краіна эльфаў. Ісландыя» Таццяны Брэславай. Пачатак у 12.00.
Падчас гульні-віктарыны «Дзівоцтва вакол цябе», якая пачнецца ў 13.00, удзельнікі правядуць цікавыя доследы па матывах кніг «Народнай асветы» серыі «Апавяданні Дзеда Прыродаведа».
Пасля гэтага ўсе жадаючыя змогуць вырабіць арыгамі па кнізе Віктара Крукоўскага «1000 адкрыццяў зрабіць ці не хочаце?» і прыняць удзел у конкурсе скачкоў сярод жаб-арыгамі, пераможца якога атрымае памятны сувенір.
На майстар-класе «Як зрабіць штучны снег» можна будзе зрабіць снежкі і пагуляць летам у зімовыя забавы. Пачатак зімовых гульняў у 15.00.
Акрамя таго, пройдзе прэзентацыя кніг серый «Прыгоды» і «Дзіцячы дэтэктыў» аўтара Ірыны Токаравай. Прадстаўленне пашытых аўтарам лялек: шпіка Хомса і доктара Сладсана, а таксама трансляцыя роліка па вырабе дадзеных лялек на экране манітора.
Кожны жадаючы зможа стаць удзельнікам конкурсу малюнкаў на асфальце па матывах кніг «Народнай асветы» і атрымаць кнігу ў падарунак.
Завершыцца праца павільёна конкурсам «Размінка» для дзяцей і бацькоў: «Казка стала быллю».