Золата здабываюць з зямлі, а веды з кнігі

Из нашей почты Новости

Кожны новы навучальны год пачынаецца ў Хвінявіцкім дзіцячым садзе–сярэдняй школе з Тыдня беларускага пісьменства.

І гэты год не стаў выключэннем. Усіх навучэнцаў сабрала ўрачыстае адкрыццё Тыдня, на якім узгадалі гісторыю ўзнікнення свята, нагадалі, чым знакаміты Капыль, дзе сёлета адбылося ўсеагульнае святкаванне. Усе прысутныя паслухалі анонс-рэкламу мерапрыемстваў тэматычнага тыдня.

Падчас правядзення кніжнага дрэс-кода «Паклон беларускаму Слову» дзеці пазнаёміліся з навінкамі перыёдыкі бібліятэчнага фонду. Таксама былі прадстаўлены ўвазе тэматычныя паліцы: «Беларускі першадрукар Францыск Скарына», «Віталь Вольскі – творчая спадчына», «Творы-юбіляры 2021».

Многіх зацікавіў віртуальны фотабатл «Беларуская кніга на сямейнай палічцы». Выхаванне дзяцей у першую чаргу здзяйсняюць законныя прадстаўнікі. Вельмі прыемна, што ў нашай установе амаль кожная сям’я мае ўласную бібліятэчку і створаны ўсе ўмовы для ўтульнага і карыснага правядзення вольнага часу разам за сямейным чытаннем. Хочацца, каб гэтая добрая звычка перадавалася ад сям’і да сям’і.

У шосты школьны дзень ва ўстанове працавала дзіцячая пляцоўка. Для навучэнцаў пачатковых класаў была прапанавана  гульня «Будзем з кнігай сябраваць!», а вучні сярэдніх класаў з захапленнем прынялі ўдзел у квэсце «Золата здабываюць з зямлі, а веды з кнігі». Час праляцеў вельмі хутка, таму што кожнаму з прысутных хацелася паказаць свае веды, уменне прыгожа чытаць, артыстычныя здольнасці.

Навучэнцы старэйшых класаў рыхтуюць пілігрымку «Беларуская пісьменнасць і друкары». Такія сустрэчы заўсёды застаюцца ў памяці дзяцей. Вельмі цікава, калі дзеці вучаць адзін аднаго. Старэйшыя да такіх сустрэч адносяцца вельмі адказна, а малодшыя стараюцца паказаць, як многа яны ведаюць нягледзячы на свой узрост.

На экскурсію «Падарожжа ў Краіну Яе Вялікасці Кнігі» запрашаюцца наведвальнікі групы падоўжанага дня.

Завершыцца святкаванне Тыдня беларускага пісьменства ва ўстанове ўрачыстай лінейкай, на якой будуць узнагароджаны пераможцы і актывісты.

Таццяна Віктараўна ЖЫНКО,

настаўніца беларускай мовы.

Дзятлаўскі раён,

Хвінявіцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *