Вёска Гара – сястра Хатыні

Беларусь помнит Из нашей почты Новости

На карце Беларусі не знайсці сёння назваў многіх вёсак. Яны былі спалены фашысцкімі карнікамі ў час Вялікай Айчыннай вайны разам з жыхарамі. Такая трагедыя адбылася ў вёсцы Гара Полацкага раёна.

Карнікі напалі на вёску Свацця, але жыхары перад гэтым разбегліся і схаваліся, хто ў лесе, а хто і ў балоце. Азвярэлыя ад няўдачы фашысты пачалі прачэсваць лес. З вёсак Сасно, Забор’е, Старына сагналі людзей і пагналі ў суседнюю вёску Гара. Там іх зачынілі ў хляве, а на другі дзень аблілі газай і падпалілі. З дапамогай цёткі Ганны здолелі выскачыць на волю пяцёра дзяцей. Трое з іх, што ўмелі плаваць, кінуліся да возера і схаваліся ў хмызняку, а ноччу пераплылі на другі бераг. Там яны змаглі выратавацца. Трое – гэта Спірыдонаў Леанід, Спірыдонаў Уладзімір і іх сястра Спірыдонава Вера. Дваіх дзяцей, што пабеглі дарогай, немцы аўтаматнай чарадой забілі.

Яшчэ доўга над папялішчам стаяў густы цяжкі пах. Ветрам яго даносіла да блізкіх і далёкіх вёсак…

Мною вывучана адпаведная літаратура, дакументы і матэрыялы, успаміны людзей, якія расказвалі пра падзеі таго часу.

З успамінаў Спірыдонава Леаніда Сцяпанавіча, былога жыхара в. Гара, таго самага хлопчыка, якому пашчасціла застацца ў жывых:

— Я з братамі Уладзімірам, Віктарам і сястрой Верай у той дзень пайшлі за суніцамі. Частка вяскоўцаў хавалася ў лесе. А ў гэты час наехалі немцы. Яны шукалі партызан, бо вёска знаходзілася ў партызанскай зоне. Потым ім удалося злавіць партызанскага разведчыка Вашчанка. Немцы хацелі даведацца, дзе знаходзяцца партызаны. Над ім жорстка здзекваліся, але ён партызан не выдаў. Яго замучылі.

Жыхароў, якія засталіся ў вёсцы, загналі ў вялікі хлеў. Там быў інвентар для работы ў полі. Трымалі людзей дзень і ноч, бо таксама хацелі даведацца, дзе партызаны. Былі там старыя, жанчыны, дзеці. Дарослым звязалі рукі. А мы залезлі ў кут і схаваліся за сеялкамі. Цётцы Ганне неяк удалося развязаць рукі, і нам пашчасціла з яе дапамогай вылезці праз дзіравы саламяны дах гэтага хлява. Немцы стаялі ля ўвахода і нас не бачылі, бо мы вылезлі з другога боку. Спусціліся нізінай да возера, заросшага трыснягом. Там мы прасядзелі да вечара, а ноччу пераплылі возера і падаліся ў лес. Раніцай наступнага дня немцы аблілі газай будынак і падпалілі. Было жудасна і страшна. Мой брат Уладзімір ад вялікага перапугу на ўсё жыццё застаўся нямым.

Вёска была і яе не стала. Цяпер аб страшэннай трагедыі, якая адбылася тут у ліпені 1942 года , нагадвае помнік. Мы павінны ведаць, што ў такой вёсцы, сярод лесу і возера, некалі жылі, працавалі, весяліліся людзі. Кожны год у ліпені месяцы і на Дзень Перамогі навучэнцы Палатоўскай школы праводзяць ля помніка мітынгі, ускладаюць кветкі. Ды як жа інакш? Хіба можна выкрэсліць з памяці тых, хто падараваў нам мірнае шчаслівае жыццё?!

Ілья ЛІТВІНАЎ,

вучань 9-га класа,

Полацкі раён, Палатоўская базавая школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *