Лён у жыцці нашых продкаў

Из нашей почты Новости

Багаццем беларускай зямлі называюць лён. Ён займаў у беларуса-селяніна надзвычай важнае месца.

«Лён у жыцці нашых продкаў» – так называлася выстаўка, якая ладзілася ў школе. Члены аб’яднання па інтарэсах «Юныя экскурсаводы» падрыхтавалі і правялі цікавую і змястоўную тэматычную экскурсію.

На адным з заняткаў вучні наведалі школьны краязнаўчы музей «Вытокі», у якім ёсць шмат прадметаў, зробленых працавітымі рукамі нашых землякоў. Пазнаёміліся з прыладамі, якія выкарыстоўвалі нашы продкі для апрацоўкі льну і ткацтва: мялка, трапло, грабяні і шчоткі, прасніца, калаўрот, кросны. Даведаліся, што ўсю працу, звязаную з апрацоўкай ільну, выконвалі жанчыны.

Падчас экскурсіі Максім Леашкевіч паведаміў пра лён як расліну, якая любіць, каб яе добра даглядалі: палолі, падкормлівалі, а дзе трэба, і палівалі. Не дагледзіш як след – і знізіцца ўраджай, валакно будзе горшае.

Таццяна Калінская расказала пра саматканыя спадніцы, якія насілі жанчыны ў нашай мясцовасці. Вялікую каштоўнасць мае спадніца-андарак, якую зберагла ў сваім куфры і перадала ў наш музей жыхарка вёскі  Зарачанка Зоф’я Аляксандраўна Алешчык. А таксама фартух, які ткала і вышывала бабуля дзяўчынкі Аліна Аляксандраўна Калінская.

Ангеліна Жук пазнаёміла з калекцыяй ручнікоў з бабулінага куфра Лойкаўскага краю – абрадавыя, побытавыя і дарожныя ручнікі.

Аляксей Ваяводскі адзначыў вялікую ролю арнамента ў беларускім касцюме. Гэта сімвалы, якія неслі акрэслены сэнс. Такія сімвалы маглі быць пажаданнем шчасця для маладых або абярэгам.

А Аляксей Жук расказаў, як у нашай мясцовасці называліся мужчынскія штаны – «нагавіцы», «ганавіцы», «порты», «кроклы» ці «кроквы». Кроклы, кроквы – хутчэй за ўсе ад слова «крок».

Музей – гэта месца, дзе адчуваецца сувязь пакаленняў. Гэта сувязь перадаецца праз прадметы, якімі карысталіся людзі ў былыя часы.

Здаецца час спыніўся…

Леакадзія Браніславаўна СЯЛЕЦКАЯ,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры,

кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Юныя экскурсаводы».

Гродзенскі раён,

Лойкаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *